11 праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць спыніць блакаванне незалежных сайтаў
2- 5.02.2018, 16:53
- 15,472
Праваабаронцы выступілі супраць практыкі палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце.
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
За апошнія два месяцы ў Беларусі аднавілася практыка адвольнага абмежавання доступу да незалежных інтэрнэт-СМІ. Былі заблакаваныя вядомыя ў краіне інфармацыйныя рэсурсы «Хартыя-97» (Charter97.org) і «Беларускі партызан» (Belaruspartisan.org), якія рэгулярна публікуюць матэрыялы на грамадска-палітычную тэматыку.
Сродкі масавай інфармацыі, як традыцыйныя, так і заснаваныя на інтэрнэт-тэхналогіях, з'яўляюцца краевугольным каменем дэмакратычнага грамадства, усякія абмежаванні ў гэтай сферы павінны адпавядаць раздзелам Канстытуцыі і міжнародным абавязацельствам Беларусі.
14 снежня 2017 года на пастанову Міністэрства інфармацыі Беларусі быў абмежаваны доступ да сайта Belaruspartisan.org на тэрыторыі Беларусі. Міністэрства паведаміла, што пастанова прынятая на падставе падпункта 1.2 пункта 1 артыкула 511 Закона Беларусі «Аб сродках масавай інфармацыі». На запыт уладальніка сайта пра прычыны блакіроўкі Міністэрства інфармацыі ўказала толькі тое, што на сайце «былі размешчаныя інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, якія ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюд якой здольны прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».
24 студзеня 2018 года аналагічнае чынам быў закрыты доступ да сайта Charter97.org. У якасці прычыны таксама называлася публікацыя на сайце матэрыялаў, якія змяшчаюць «інфармацыю, распаўсюд якой здольны прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі». Парушэннем было прызнанае тое, што на сайце «размяшчаліся артыкулы з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазвол на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрыманы не быў».
Таксама адной з падставаў для абмежавання доступу да сайта названы распаўсюд «інфармацыйнай прадукцыі рэсурсу, які пастановай суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У аніводным з выпадкаў Міністэрства інфармацыі не паведаміла, якая менавіта інфармацыя паслужыла падставай для блакавання, у якім з раздзелаў сайта яна размешчаная і што неабходна зрабіць уладальніку сайта для таго, каб блакіроўка была скасаваная.
Артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і забараняе цэнзуру. Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абараняе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, усякімі спосабамі. Дапускаюцца толькі супамерныя абмежаванні, устаноўленыя законам, якія з'яўляюцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб або для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.
Дзейнае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і ўжываная практыка, якую ілюструюць апісаныя вышэй выпадкі, істотна абмяжоўваюць свабоду інфармацыі ў Беларусі. Пастановы аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў не адпавядаюць крытэрам неабходнасці і суразмернасці, прымаюцца ў адміністрацыйным парадку паводле непразрыстай працэдуры, а судовае абскарджанне блакаванняў на практыцы абцяжаранае або немагчымае. Пры гэтым пералік падстаў для абмежавання доступу настолькі шырокі, што дапускае абсалютна адвольнае іх тлумачэнне.
Мы ўважаем за недапушчальнае абмежаванне доступу да сайтаў «Беларускі партызан» (Belaruspartisan.org) і «Хартыя-97» (Charter97.org) і заклікаем скасаваць адпаведныя пастановы Міністэрства інфармацыі і аднавіць свабодны доступ да гэтых сайтаў. Мы таксама заклікаем перагледзець існае заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і спыніць практыку палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце.
Установа «Кансультацыйны цэнтр у актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве» Х’юман Канстанта»
Грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Прававая ініцыятыва»
Асветніцкая праваабарончая ўстанова «Офіс у правах людзей з інваліднасцю»
Беларускі Дом правоў чалавека ім. Б.Звозскава
Экспэртна-прававое таварыства «Ініцыятыва FORB»
Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне «Беларускі Хельсінскі Камітэт»
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»