19 снежня 2024, Чацвер, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяніс Казакевіч: У Беларусі такія прыёмы не пройдуць

3
Дзяніс Казакевіч: У Беларусі такія прыёмы не пройдуць
Дзяніс Казакевіч

Каб абыйсці блакаванне «Хартыі-97» - дастаткова некалькі клікаў мышшу.

Пра гэта ў сваім «Фэйсбуку» напісаў грамадскі актывіст Дзяніс Казакевіч:

«Заблакаваўшы сайт «Хартыя-97», рэжым зразумела заявіў пра свае намеры ператварыць Беларусь у IT-дыктатуру кітайскага тыпу. Ці пойдзе краіна гэтым шляхам, залежыць цяпер ад беларускага грамадства. Калі вам не абыякавы лёс і бяспека Беларусі, усталюйце на сваім кампутары дастасаванні для абыходу блакіроўкі інтэрнэт-сайтаў.

За два дзесяцігоддзі лукашызму мы бачылі шмат чаго: закрыццё газет, забойствы палітыкаў і журналістаў, паламаныя лёсы людзей, якія хацелі нешта змяніць. Кожнага работніка могуць звольніць цягам года на абсалютна законных падставах. Нядзіўна, што мільёны беларусаў уважаюць за лепшае чытаць апазіцыйныя сайты і абурацца на кухнях, замест таго, каб актыўна пратэставаць. Але аднойчы наступіць такі дзень, калі гэтыя мільёны перамогуць страх і выйдуць на вуліцы. Так было падчас арабскай вясны; у канцы васьмідзесятых так было ў СССР і, напрыклад, у БССР.

Зрабіўшы высновы з вясновых пратэстаў 2017 года і ўлічыўшы досвед кітайскіх таварышаў, рэжым узяў курс на дыктатуру 21-га стагоддзя: прыцягненне заходніх інвестыцый, развіццё IT-сектара і татальны кантроль над інтэрнэтам. У такой мадэлі няма месца незалежным сайтам, як «Хартыя-97». Далей рушаць услед жорсткая (сама) цэнзура і татальны кантроль сацыяльных сетак.

Немалады, грузны і, відавочна, канчаткова выжылы з розуму дыктатар хоча ўсякім спосабам утрымацца ва ўладзе і не клапоціцца пра тое, што тым самым ён падрывае бяспеку ў рэгіёне. Цэнзура iнтэрнэту ў Беларусі ўзмацняе ўплыў крамлёўскай прапаганды. Як вынік, Беларусь можа ператварыцца ў расейскую губерню. Шматкроць узрастаюць рызыкі таго, што беларускія жаўнеры адправяцца паміраць за «расейскі свет» у Латвію, ва Украіну ці куды-небудзь яшчэ.

Паказальна, што «Хартыя -97» была заблакаваная напярэдадні прыезду ў Менск еўракамісара ў палітыцы добрасуседства Ёханэса Хана. Такім чынам рэжым свядома пазіцыянуе Беларусь як аўтарытарную IT-краіну, у якой ёсць і парк высокіх тэхналогій, і цэнзура ў інтэрнэце, накшталт Кітая ці Казахстана. Беларусь, аднак, не велізарны Кітай і не багаты рэсурсамі Казахстан. Тут такія «элегантныя» прыёмы не пройдуць.

У адказны момант беларуская апазіцыя аб'ядналася. Пад зваротам Наталлі Радзінай да еўракамісара Хана аб падтрымцы «Хартыі» падпісаліся Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Генадзь Фядыніч.

Сёння не трэба быць палітыкам, каб процістаяць нападу дыктатуры на незалежныя СМІ. Усталюйце на сваім кампутары дастасаванні для абыходу блакіроўкі інтэрнэт-сайтаў. Дапамажыце гэта зрабіць сваім сваякам і знаёмым. Гэтыя простыя дзеянні разбураць псіхапатычныя планы для ператварэння Беларусі ў IT-дыктатуру са старшынём калгаса на чале», - напісаў Дзяніс Казакевіч.

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.

Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:

- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»

- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»

- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS

- Памяняйце DNS на сваім кампутары і чытайце Хартыю

- Чытайце «Хартыю-97» у сацыяльных сетках.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках