19 снежня 2024, Чацвер, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сёння страйк, заўтра - падатковы байкот»

28
«Сёння страйк, заўтра - падатковы байкот»
ФОТА: NN.BY

Акцыя пратэсту таксістаў - гэта толькі першы званок.

Пра гэта заявіў Charter97.org актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», таксіст з 20-гадовым стажам Леанід Кулакоў у каментары пра страйк перавозчыкаў службы «135»:

- Душой і сэрцам я з гэтымі хлопцамі. Жыццё ў таксіста вельмі цяжкае. Але галавой разумею: гэтага мала. Страйк - гэта вельмі добра як першы крок. Але за першым павінен быць і другі, і трэці...

А то атрымліваецца, што людзі прачытаюць пра страйк і скажуць - «таксісты за свае шкурныя інтарэсы мітынгаваць выйшлі».

У нас жа кожны «ведае»: таксіст нічога не робіць, «заломвае» кошты і жыве прыпяваючы. А напраўду, каб зарабіць на жыццё, таксіст працуе па 12 гадзін сем дзён на тыдзень. Зразумейце, што цяпер доля таксіста - гэта нават не праца. Гэта сталая выплата даніны - штрафаў, падаткаў і пабораў.

- Вы самі працавалі ў таксі. Якія падаткі і паборы даводзілася выплачваць?

- Ведаеце, я нават усіх на змагу пералічыць. Плаціць даводзіцца абсалютна за ўсё. Самі падаткі вельмі вялікія. У Фонд сацыяльнай абароны плаціць таксама трэба. Два разы на год - страхоўка. Паслугі «лекара-механіка» - на зайздрасць рэгулярна трэба было аплачваць. Мы ж сабе не можам новыя «Майбахі» дазволіць.

Дачыненні з ДАІ - гэта асобнае пытанне. Яны ўмеюць прычапіцца да ўсякай дробязі і скласці пратакол. Штрафы былі адным з самых важных артыкулаў выдаткаў. Калі мяне звольнілі са службы таксі і я пачаў працаваць «ад борта», да іх яшчэ дадаліся штрафы за стаянку. Яны дапякалі больш за ўсё.

Ну, вядома ж, тэхагляд. Таксама сур'ёзны ўдар па бюджэце. А яшчэ «новаўвядзенні» розныя ад уладаў. Напрыклад, таксометр. Я за яго аддаў у свой час 400 даляраў. А праз два гады давялося несці яго на завод і ўсталёўваць новую праграму. Гэта пацягнула яшчэ на 200 даляраў. Да таго ж тарыфы ў таксістаў не паспяваюць расці ўслед за далярам і выдаткамі на ўтрыманне аўто.

Але што толку пералічваць? Уся сістэма ў краіне пабудаваная на рабаўніцкім збіранні падаткаў. Жыве толькі эліта, якая замацавалася ў Драздах. Яны, як акупанты, выпускаюць адтуль зборшчыкаў даніны і «прачэсваюць» усіх. Таксіст ты ці займаешся чымсьці іншым - не мае значэння. Ты проста корміш дармаедаў з Драздоў. Усё пабудаванае на прымітыўнай сістэме «адціскання» даніны. Улада Лукашэнкі абрынецца без нашых падаткаў.

- Вы сказалі, што аднаго страйку як метаду барацьбы мала і павінны быць наступныя крокі. Што вы мелі на ўвазе?

- Разумееце, рыба гніе з галавы. Трэба пазбаўляцца ад нікуды не прыдатнай кіроўнай «галавы», а не хапацца за «хвост». Мы таму не можам нічога зарабіць, што ўсе людзі вакол збяднелі. Цяпер беларус проста не можа лішні раз дазволіць сабе таксоўку. І так паўсюль. Грамадства спустошанае 23-гадовым праўленнем Лукашэнкі. «Галава» сістэмы проста згніла. А мы ўсё думаем: што рабіць?

Ды няма чаго тут думаць. Сёння выйшлі на страйк, заўтра - зладзім падатковы байкот, перастанем плаціць ім даніну. А паслязаўтра - выходзім на Плошчу. Усе выходзім. Гэта ўжо не страшна. За апошнія два гады амаль кожны зладзіў нейкі свой маленькі пратэст. Хтосьці не заплаціў падатак на «дармаедства», хтосьці працуе за мяжой і «пасылае» гэтую ўладу, нехта выходзіў на Маршы абураных беларусаў, хтосьці абыходзіць блакаванне і чытае «Хартыю-97».

Кожны паводле досведу ўжо закаранелы партызан. Баец негвалтоўнага супраціву. Дык няўжо цяжка аб'яднацца? Бо кожны паасобку даўно, і ўжо не раз, сказаў ўладзе «байкот» і «баста». Паказаў «дулю ў кішэні». Мы ж кожны дзень гэта робім! Клянём іх, ненавідзім, парушаем іх правілы, стараемся жыць незалежна ад іх. Значыць, лагічна ж - сабрацца разам усім, хто ціха пратэстуе ў адзіночцы, і выйсці разам на Плошчу. Свае правы трэба бараніць.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках