Мікалай Статкевіч: Калі ў Лукашэнкі няма грошай, хай прадае свае палацы
27- 12.02.2018, 14:14
- 59,006
У будаўніцтве шкодных вытворчасцяў ва ўсёй краіне вінаваты дыктатар.
Апошнія месяцы ў Светлагорску і навакольных вёсках стаіць дрэнны пах ад новага завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайскай карпарацыяй. Людзі скардзяцца на пагаршэнне стану здароўя, удушша, млоснасць і ваніты. Кіраўніцтва завода і горада запэўніваюць грамадзян, што газы не шкодныя для здароўя.
Лідар БНК Мікалай Статкевіч на мітынгу ў Светлагорску 11 лютага заявіў аб тым, што ў будаўніцтве шкодных вытворчасцяў ва ўсёй краіне вінаваты Лукашэнка і заклікаў улады шукаць іншыя шляхі папаўнення бюджэту:
- Шкодныя выкіды ад працы завода ў Светлагорску - гэта не толькі праблема горада, а праблема для ўсёй краіны, а таксама для суседняй Украіны. Гомельшчына - адзін з маіх улюбёных рэгіёнаў Беларусі. Тут самыя вялікія рэкі і самыя прыгожыя лясы. Чарнобыль ужо адабраў магчымасць карыстацца гэтым. Але цяпер нам навязваюць тут яшчэ шмат маленькіх Чарнобыляў. Кітай пачаў пераносіць у Беларусь свае шкодныя вытворчасці і атручвае ваш горад, Бярэзіну, Днепр, Кіеў. І гэта толькі пачатак. Гэта трэба спыніць. Нам выстарчыла Чарнобыля. Калі ў Лукашэнкі няма грошай, хай прадае свае палацы і загляне ў свае рахункі.
Нагадаем, блізу 100 чалавек прыйшлі 11 лютага на сустрэчу з лідарамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Светлагорску. Галоўнай тэмай былі экалагічныя праблемы ў горадзе.
Жыхарам Светлагорска таксама раздавалі ўлёткі з запрашэннем на святкаванне стагоддзя Беларускай Народнай рэспублікі 25 сакавіка ў Менску і з інфармацыяй пра спосабы абыходу блакавання сайта «Хартыя-97». Многія ўдзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што гэта асабліва актуальна цяпер і дзякавалі журналістам за асвятленне мясцовых праблем.