Гары Паганяйла пра «справу прафзвязаў»: Паўтараецца старая песня пра граблі
2- 1.02.2018, 11:07
- 12,871
Справа першапачаткова была палітызаваная і шытая белымі ніткамі.
Юрыст Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info аб тым, як доўга можа доўжыцца «справа прафзвязаў».
«Справа палітызаваная самой цікавасцю да яе і распачынаннем крымінальнай справы ў дачыненні да лідараў прафзвязу РЭП, - кажа суразмоўца. - Такая сітуацыя была з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, да фінансавай дзейнасці арганізацыі была асаблівая ўвага аператыўных службаў і следства».
Нагадаем, што бухгалтар прафзвязу РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў рамках крымінальнай справы, распачатай супраць яго і старшыні прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніча паводле ч. 2 арт 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва вялікай суме).
Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, падчас праверкі ў рамках распачатай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафзвязнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафзвязу рахункі ў замежных банках, на якія ўвесь час паступалі вялікія сумы грашовых сродкаў».
Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным, але 2 кастрычніка ён быў вызвалены са следчага ізалятара пад падпіску аб нявыездзе.
Цяпер расследаванне крымінальнай справы доўжыцца, а днямі, на спецыяльным пасяджэнні прафзвязу РЭП, была прынятая адмысловая заява. Стала вядома, што да «справы прафзвязаў» далучыліся новыя следчыя і дапытваюцца сотні людзей, звязаных з прафзвязнай дзейнасцю.
«Улады надумалі ўзмацніць ціск на наш прафзвяз, - заявіў кіраўнік прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч. - Пайшла яшчэ адна хваля, каб скампраметаваць арганізацыю і яе лідараў у вачах грамадскасці, спыніць актыўную працу прафзвязаў для абароны інтарэсаў шараговых грамадзян. Мы патрабуем, каб улады спынілі ўмяшанне ва ўнутраныя справы арганізацыі».
- Хутчэй за ўсё, допыты шараговых чальцоў незалежнага прафзвязу звязаныя з фінансавай дзейнасцю арганізацыі, - кажа Гары Паганяйла. - Следства, як правіла, выбірае тактыку сваіх паводзін у залежнасці ад таго, якія мае на сённяшні дзень матэрыялы і аператыўныя распрацоўкі для таго, каб адпрацоўваць тыя ці іншыя кірункі і версіі. Не ведаючы ўсіх дэталяў таго, у якім кірунку рухаюцца следчыя, цяжка пра штосьці і гаварыць з дакладнасцю. Тут галоўнае: якую канкрэтна інфармацыю хоча атрымаць следства шляхам допытаў шараговых актывістаў прафзвязу РЭП?
- Кіраўніцтва прафзвязу мяркуе, што такім чынам улады надумалі ўзмацніць ціск на актывістаў арганізацыі...
- У прафзвязе - тысячы чальцоў, і, натуральна, усіх іх на допыты не будуць выклікаць, хоць аператыўнікі працуюць паводле нейкай сваёй сістэмы. Іншая рэч, што пры гэтым і напраўду адбываецца ціск не толькі на кіраўніцтва прафзвязу, але і на шараговых чальцоў. Я не магу сказаць на сто адсоткаў, што следства паставіла перад сабой менавіта такую задачу, але такая форма ціску можа выкарыстоўвацца.
- Наколькі гэта справа палітызаваная?
- Яна палітызаваная самой цікавасцю да яе і распачынаннем крымінальнай справы ў дачыненні да лідараў прафзвязу РЭП. І гэта - паўтарэнне песні пра старыя граблі. Падобная сітуацыя была з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, шэрагам іншых арганізацый, да фінансавай дзейнасці якіх была асаблівая ўвага аператыўных службаў і следства.
У такіх сітуацыях акурат і выяўляецца негатыўнае стаўленне ўладаў да незалежных структур, жаданне іх дзейнасць альбо спыніць, альбо стварыць немагчымыя ўмовы для работы. Усё гэта рабілася шляхам уключэння жорсткага рэпрэсіўнага механізму для таго, каб адхіліць арганізацыю ад дзейнасці. Інструменты выканання былі простыя - пасадзіць лідараў за краты і завесці крымінальную справу. Цяпер, слава Богу, усе фігуранты «справы прафзвязаў» на свабодзе, але, тым не менш, расследаванне доўжыцца, і лёс падазраваных невядомы.
- Расследаванне доўжыцца ўжо амаль паўгода. На ваш погляд, колькі яшчэ часу спатрэбіцца следчым?
- Калі фігуранты справы знаходзяцца на волі, то справа можа цягнуцца вельмі доўга - аж да заканчэння тэрміну даўніны для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Тут расследаванне могуць працягваць да бясконцасці.
- Такая сітуацыя - нязручная для саміх незалежных прафзвязаў?
- Безумоўна, бо яны ўвесь будуць знаходзіцца пад прыцэлам. Кіраўнікі па-ранейшаму - у статусе абвінавачаных, а гэта значыць, што ў іх застаюцца пэўныя абмежаванні. Чальцы незалежнага прафзвязу таксама могуць апынуцца ў поле зроку аператыўных службаў або следчых, а значыць будуць пад пэўным прэсам. Сёння, напрыклад, ты - сведка, а заўтра можа стаць абвінавачаным.
- Ваш прагноз: чым можа скончыцца гэта справа?
- Паўтаруся, я не ведаю ўсіх дэталяў. Але, напрыклад, калі разглядалася «справа Бяляцкага», то я ведаў, што там усё было шытая белымі ніткамі. Ні для каго не сакрэт, што грошы, якія атрымлівала праваабарончая арганізацыя, ішлі не ў кішэню таго ж Бяляцкага, а на дапамогу рэпрэсаваным і іншую праваабарончую дзейнасць. І, тым не менш, чалавека адправілі на некалькі гадоў за краты. Што будзе цяпер? Час пакажа, але ўсе мы спадзяемся на лепшае.