Гішпанія цалкам пяройдзе на «зялёную» электраэнэргію да 2050 года
8- 14.11.2018, 16:27
- 10,030
Мадрыд плануе выключыць з энэргетыкі вугаль, нафту і газ.
Урад Гішпаніі апублікаваў новы кліматычны план, паводле якога краіна павінна цалкам перайсці на забеспячэнне электраэнэргіяй з аднаўляльных крыніц да 2050 года.
Як паведамляе «Европейская правда» са спасылкай на Euractiv, гэты намер нават перасягае дзейсныя планы Еўразвязу.
У законапраекце, прадстаўленым урадам у аўторак, 13 лістапада, сацыялістычны ўрад Гішпаніі выклаў свае планы на 2030 і 2050 гады. Галоўная мэта: Гішпанія, пятая ў велічыні эканоміка ЕЗ, павінна перайсці на 70% забеспячэння электраэнэргіяй з аднаўляльных крыніц да 2030 года.
Да 2050 года Гішпанія плануе атрымліваць з аднаўляльных крыніц (ветру, сонечнай энэргетыкі і гідраэнэргетыкі) усю электраэнэргію.
У 2016 годзе Гішпанія атрымлівала 23% электраэнэргіі з аднаўляльных крыніц. На другім месцы - атамная энэргетыка (больш за 20%).
Для таго, каб выключыць з энэргетыкі вугаль, нафту і газ, Гішпанія плануе спыніць выпуск ліцэнзій на выведку неаднаўляльных рэсурсаў, забароніць фрэкінг і адмовіцца ад новых субсідый на выкапнёвыя тыпы паліва.
Не менш за 20% нацыянальнага бюджэту плануюць выдаткоўваць на дзейнасць у сферы клімату.
Паводле інфармацыі крыніц, законапраект будзе пададзены ў парламент Гішпаніі да канца года.