ЖКГ распавяло, як «дармаеды» павінны плаціць за «камуналку»
90- 12.11.2018, 11:59
- 83,876

Абноўленыя рахункі прыйдуць ужо ў наступным годзе.
У Міністэрстве ЖКГ распавялі, якія рахункі прыйдуць «дармаедам» за «камуналку», піша агенцтва «Минск-Новости». З 1 студзеня яны павінны плаціць «эканамічна абгрунтаваныя» тарыфы за гарачую ваду, а з 1 кастрычніка 2019 года - за ацяпленне.
Налічваць «камуналку» будуць на плацельшчыкаў - уласнікаў кватэр, наймальнікаў камерцыйнага або сацыяльнага жылля, арандатараў памяшканняў. Калі «дармаед» жыве адзін, то за ЖКП плаціць цалкам, калі з сям'ёй - прапарцыйна.
Звесткі пра спажытыя паслугі за гарачае водазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне субсідаванымі і эканамічна абгрунтаванымі тарыфамі будуць у паведамленні на аплату ЖКП.
Нагадаем, што беларусы, якія працуюць за мяжой, аўтаматычна трапляюць у «дармаеды». Складаць спісы будуць адмысловыя камісіі, якія працуюць з асабістай інфармацыяй беларусаў.
Не раз заяўлялася аб тым, што «дармаеды» будуць аплачваць і іншыя паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, а «незанятых у эканоміцы беларусаў» палохалі ЛПП.
Нагадаем, што папярэдняя версія «дармаедскага дэкрэта» выклікала масавыя пратэсты, якія экспэрты называюць самымі маштабнымі ў Беларусі з часоў «перабудовы».