У камітэце ААН нагадаюць аб патрэбе разблакаваць «Хартыю-97»
- 8.10.2018, 10:50
- 22,620
Праваабаронцы Беларусі падрыхтавалі справаздачу аб сітуацыі ў краіне.
8-9 кастрычніка ў Камітэце правоў чалавека ААН адбудзецца дыскусія аб правах чалавека ў Беларусі. Для ўдзелу ў абмеркаванні афіцыйнага і альтэрнатыўнага дакладаў у Жэневу з Беларусі прыехалі дзве дэлегацыі, паведамляе «Радыё Свабода».
Афіцыйныя ўлады Беларусі накіравалі справаздачу аб сітуацыі ў краіне ў Камітэт правоў чалавека ААН упершыню за 20 гадоў. Праваабаронцы Беларусі ў сваю чаргу падрыхтавалі і даслалі альтэрнатыўную справаздачу. Першымі на сесіі Камітэта аб правах чалавека ААН выступяць праваабаронцы, у другой палове дня - афіцыйная дэлегацыя. Мяркуецца, што з гэтага моманту будзе весціся жывая трансляцыя на сайце ААН. Абмеркаванне справаздач аб сітуацыі ў Беларусі прадоўжыцца 9 кастрычніка.
Як вядома, у склад афіцыйнай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнік МЗС Беларусі і чыноўнікі некаторых міністэрстваў і ўстаноў, дэлегацыю праваабаронцаў прадстаўляюць Валянцін Стэфановіч, Вольга Смалянка, Зміцер Чарных і Алег Агееў.
Як адзначылі праваабаронцы, сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі паступова пагаршаецца, у тым ліку праз недэмакратычныя папраўкі ў заканадаўстве і больш жорсткія падыходы да журналістаў. Гэта прывяло да згортвання рынку незалежных медый у Беларусі.
Доступ да сайта Charter97.org заблакаваны дагэтуль.
Шмат прыкладаў, калі журналістаў караюць за працу без акрэдытацыі, пры гэтым дзяржава стварыла штучныя перашкоды для атрымання акрэдытацыі.
Колькасць выпадкаў блакавання сайтаў невядомая, пастановы аб абмежаванні доступу дзяржаўнымі органамі не публікуюцца.
Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.
Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:
- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»
- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»
- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS