18 лiстапада 2024, панядзелак, 3:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супраць рэжыму дыктатара Лукашэнкі неабходна ўводзіць санкцыі

25
Супраць рэжыму дыктатара Лукашэнкі неабходна ўводзіць санкцыі

Заканадаўцы жорстка раскрытыкавалі Еўракамісію, адзначыўшы пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі.

Учора падчас пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу была прынятая рэзалюцыя «Аб пагаршэнні сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі, у асаблівасці сітуацыя з «Хартыяй-97». Перад галасаваннем паводле рэзалюцыі дэпутаты абмеркавалі становішча спраў у самой Беларусі і замежную палітыку ЕЗ на беларускім кірунку.

«Лукашэнка паказвае нам, што замест дэмакратызацыі ён закручвае гайкі і пераследуе тых, хто спрабуе свабодна інфармаваць суайчыннікаў пра падзеі ў краіне», - канстатаваў ініцыятар рэзалюцыі Ярамір Штэціна з Чэхіі.

«Стаўленне да палітвязняў у краіне жахлівае. Асабліва жудасны выпадак Міхаіла Жамчужнага, які большую частку часу праводзіць у адзіночным зняволенні», - распавяла Джулі Вард з Вялікай Брытаніі.

У Беларусі дзейнічае «сістэматычная і наўмысная практыка ганення і запалохванняў журналістаў, напрыклад, асаблівую занепакоенасць выклікаюць пагрозы забойства галоўнай рэдактарцы сайта Charter97.org Наталлі Радзінай», - адзначыў Чарльз Тэнак з Вялікай Брытаніі.

«Ужо амаль год, як заблакаваны сайт навін «Хартыя-97». У 2010 годзе быў забіты яго заснавальнік», - нагадаў Ярамір Штэціна.

«Дыктатар Лукашэнка - блізкі сябар дыктатара Мадура, паслядоўнік тых жа самых прынцыпаў, што і Мадура ў Венесуэле: арышты журналістаў, атакі на СМІ і іх пераслед, як у выпадку з «Хартыяй-97», - сказаў Карлас Ітургаіс з Гішпаніі.

«Дзмітрый Бобрык, журналіст, арыштаваны ў жніўні падчас злачыннай атакі на свабоду прэсы, паведаміў, што за час знаходжання ў зняволенні яго вымусілі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ», - нагадала Джулі Вард.

Дэпутаты з Літвы абмяркоўвалі адсутнасць гарантый бяспекі атамнай электрастанцыі. «Палітычная пачвара Лукашэнка стварае атамную пачвару: Астравецкую АЭС», - сказаў Петрас Аўштрэвічус.

Польскі еўрадэпутат Марэк Юрэк распавёў аб абароне ў Менску месца масавых расстрэлаў Курапатаў. Удзельнікі акцый увесь час зазнаюць арышты.

Афіцыйнай палітыкай ЕЗ застаецца «крытычнае ўзаемадзеянне» і «больш цеснае супрацоўніцтва», - паведаміла прадстаўніца Еўракамісіі. Дэпутаты выступілі з рэзкай крытыкай такой палітыкі супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі.

«Мільёны еўраў з грошай еўрапейскіх падаткааплатнікаў накіроўваюцца ў Беларусь. Ці не падаецца вам, што гэтыя грошы выкарыстоўваюцца для пабудовы АЭС і ўвядзення абмежаванняў на свабоду СМІ?» - спытаў у прадстаўніка Камісіі літоўскі еўрадэпутат Броніс Ропэ.

«У 2016 годзе ЕЗ зняў большасць санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і кампаній, якія дзейнічалі на той час, што адпавядала духу палітыкі ўзаемадзеяння, у надзеі, што паляпшэнні ў дачыненнях прывядуць да пашырэння асноўных свабодаў. Цяпер стала зразумела, што такі падыход не працуе. Сітуацыя з «Хартыяй-97» і незалежнымі прафзвязамі выразна паказваюць на гэты правал», - заўважыла Клэр Мудзі з Вялікай Брытаніі.

«Давайце не будзем наіўнымі. Лукашэнку не цікавяць рэформы. Ягонае імкненне да збліжэння з Захадам выкліканае ягонай прагнасцю да грошай, прагай улады і прызнання. Лукашэнка разумее толькі простую мову. Пакуль не выконваецца свабода прэсы, не можа быць і гаворкі пра збліжэнне», - заявіў Марк Дэмесмекер з Нідэрландаў.

«Еўрапейскія інстытуты павінны дзейнічаць і папярэдзіць беларускі бок, што там перасеклі ўсе чырвоныя лініі, і што праз сур'ёзнасць сітуацыі павінны быць уведзеныя санкцыі супраць урада дыктатара Лукашэнкі ў Беларусі», - сказаў Карлас Ітургаіс.

«Недастаткова пацвярджаць нашу падтрымку сайта «Хартыя-97» на словах. Еўракамісія і Еўрапейская служба замежных дзеянняў павінны забяспечыць зняцце блакавання сайта «Хартыя-97». Сайту патрэбная фінансавая дапамога, і Еўразвяз павінен яе забяспечыць, - заявіў Петрас Аўштрэвічус.

«Надышоў час, калі трэба цвёрда нагадаць беларускім уладам аб тым, што неабходна выконваць абяцанні аб прасоўванні ў галіне правоў чалавека. Пазітыўным зрухам з беларускага боку было б зняцце блакавання «Хартыі-97», - сказаў Эдуард Кукан са Славаччыны.

«Свабода непадзельная. Свабода Беларусі - гэта і наша свабода», - сказаў Ярамір Штэціна.

Дзяніс Казакевіч, карэспандэнт Charter97.org у Брусэлі

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках