18 лiстапада 2024, панядзелак, 14:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальны гонар

3
Нацыянальны гонар

Ці гатовыя мы з’яднацца, каб адстойваць ідэі, стагоддзе таму закладзеныя ў падмурак БНР?

Мяне здзівіла адмоўная рэакцыя асобных прадстаўнікоў нашага дэмакратычнага руху на прапанову Беларускага нацыянальнага кангрэсу адзначыць 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі святочным шэсцем па праспекце Незалежнасці ў сталіцы краіны.

Гэтая прапанова БНК ніяк не супярэчыць любым іншым ініцыятывам: навуковым канферэнцыям, сходам у дамах культуры, песням і танцам у мікрараёнах, сямейным застоллям у гонар свята. Пытанне толькі ў тым, ці насамрэч маем мы нацыянальны гонар? Ці гатовыя, ці здольныя мы з’яднацца, каб адстойваць ідэі, стагоддзе таму закладзеныя ў падмурак БНР – найперш ідэю незалежнасці?.. Калі замест рашучага «Так!», выяўленага ва ўсенародным святкаванні юбілею БНР, мы зоймемся разборкамі паміж апазіцыйнымі групоўкамі, дык усяму цяперашняму дэмакратычнаму руху – грош цана.

Як грош цана будзе і ўладзе, калі яна скарыстаецца 100-годдзем БНР не як нагодай для нацыянальнай згоды, для кансалідацыі грамадства ў адстойванні незалежнасці краіны, а для пераследу, для рэпрэсій, для падаўлення іншадумства.

Як гэтага пазбегнуць? Ну, скажам, запрасіць на юбілей Раду БНР, чальцы якой сталі б таксама чальцамі аргкамітэту па святкаванні юбілею. Аднаго гэтага кроку дастаткова, каб змяняць адносіны да падзеі. Адмесці смецце, збіць пыл, які ўздымаецца над агульнанацыянальным святам і вакол яго.

Беларускі нацыянальны кангрэс не можа мець і не мае намеру прысабечваць свята. Наш намер - сабраць аргкамітэт не толькі з кіраўнікоў апазіцыйных арганізацый, лідараў дэмакратычнага руху, але і з прадстаўнікоў найшырокай грамадскасці.

Мы падрыхтавалі запрашэнні Святлане Алексіевіч і Ўладзіміру Арлову, акадэміку Гарэцкаму і мастаку Купаву, Міхалку і Вольскаму, Марачкіну і Курэйчыку, Сітніцу і Тарасу, Вайцюшкевічу і Лучанку, Краўцэвічу і Законнікаву, Анісім і Стужынскай, і яшчэ шмат каму з вядомых людзей.

Калі камусьці з апазіцыі не хочацца ісці на паседжанне па святкаванні юбілею з нашай ініцыятывы, дык чаму не было іншых прапаноў?

Мы гатовыя былі прыйсці ў іншы час у іншае прызначанае месца, але ніхто такога часу і месца не прызначыў. А падзея вялікая, арганізацыйных клопатаў процьма, таму мы й заклікалі сабрацца неадкладна. І як на маё разуменне, дык замінаць гэтаму, замарваць адну з найбліскучых старонак беларускай гісторыі высвятленнем адносінаў ці ўнутры апазіцыі, ці паміж апазіцыяй і ўладай, могуць толькі тыя, хто ў хаўрусе з ненавіснікамі беларушчыны, якія хочуць, каб гісторыя незалежнай Беларусі скончылася.

Вельмі прашу супакоіцца, не ўздымаць пыл, выявіць палітычную і грамадзянскую адказнасць. Не перад тымі, хто ад каго залежыць, хто каму (альбо чаму) служыць, а перад людзьмі, якім глядзець у вочы.

Уладзімір Някляеў

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках