У калоніі многія падзяляюць мае погляды
4- Міхаіл Жамчужны
- 24.01.2018, 11:47
- 31,711
Пасля 5 лютага палітвязня зноў хочуць адправіць у штрафны ізалятар, каб ізаляваць.
Пасля больш чым 3-месячнага перапынку ў перапісцы, палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае крымінальнае пакаранне ў папраўчай калоніі №9 (г. Горкі, Магілёўская вобласць), даслаў віцебскім праваабаронцам адразу два лісты і віншавальную паштоўку.
У лістах Жамчужны выказвае ўстурбаванасць з нагоды трох крымінальных спраў, якія распачатыя і расследуюцца ў дачыненні да доктара Іара Пастнова. На думку зняволенага ПК №9, доктару- «праўдалюбу» неабходна больш актыўна рыхтаваць сваю абарону, шукаць сведкаў, знаходзіць кваліфікаванага адваката.
Палітвязень у курсе, што цяпер ідзе працэс у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску над грамадзянскім актывістам Пятром Івановым. Палітвязень уважліва сочыць за гэтым працэсам, і ўважае Іванова за мужнага чалавека, які кінуў выклік аўтарытарнаму палітычнаму рэжыму ў Беларусі.
Аднак, на думку Жамчужнага, і Пастноў, і Іваноў «робяць тыя ж самыя памылкі, што і я гадоў 10 таму, і таму вынік паводле іх спраў прадказальна адмоўны».
Знаходзячыся ў зняволенні, Міхаіл Жамчужны ўдасканальваецца як праваабаронца, штудуе крымінальнае заканадаўства, аналізуе крымінальныя справы зняволеных, выпрацоўвае агульныя падыходы для абароны людзей, якія трапілі ў жорны следства і суда. Зняволены-праваабаронца гатовы дапамагчы ў кожнай крымінальнай справе, даць параду кожнаму, хто папросіць яго пра гэта. Ён прапануе ўсім, хто мае патрэбу ў ягонай дапамозе, даслаць яму копіі дакументаў з апісаннем акалічнасцяў справы, на адрас калоніі.
Калі такія ахвотныя знойдуцца, ён просіць іх паспяшацца з паштовымі пасланнямі і пастарацца усё зрабіць да 5 лютага. Пасля гэтай даты, на думку Міхаіла Жамчужнага, ён зноў апынецца ў следчым ізалятары і не зможа цягам месяца каму-небудзь адказаць. «Толькі не выкарыстоўвайце ў тэкстах замежныя словы і літары, цынічныя выказванні ў дачыненні да ўладаў, жаргонныя выразы», - просіць палітвязень патэнцыйных кліентаў.
У лістах Жамчужны паведамляе калегам, што яму нічога не трэба дасылаць: «Для адбыцця тут мне нічога не трэба - усё ёсць! Не першы год сяджу (8,5 гадоў, з іх чатыры гады ў турме, паўгода ў карцары/штрафным ізалятары, з якіх сто дзён бесперапынна».
Нягледзячы на ўсё гэта, ён піша, што не пакутуе ні маральна, ні фізічна, яго ніхто не спрабуе прыніжаць і абражаць. Наадварот, многія падтрымліваюць і падзяляюць ягоныя палітычныя погляды і жорсткую пазіцыю ў дачыненні да адміністрацыі калоніі.
Знаходзячыся ў складаных жыццёвых абставінах, Міхаіл Жамчужны не забыўся сардэчна павіншаваць калег са святам (Дзень абароны правоў чалавека - рэд) і пажадаць ім здароўя і поспехаў у цяжкай праваабарончай працы.