19 снежня 2024, Чацвер, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяцей за запазычанасці перад ЖКГ адбіраюць усё часцей

63
Дзяцей за запазычанасці перад ЖКГ адбіраюць усё часцей

Камунальнікі мяркуюць, што гэта адзіная магчымасць спагнаць грошы.

Шматдзетная маці Вераніка Глябовіч з пасёлка Негарэлае звярнулася па дапамогу да «Белсату»: дзяржынскія камунальнікі пагражаюць, што калі жанчына не аплаціць запазычанасці за камунальныя паслугі за сацыяльнае жыллё - адключаць электрычнасць, а потым чацвёра яе дзяцей забяруць у прытулак. Калі дзяцей забяруць, за ўтрыманне кожнага дзіцяці ў прытулку трэба будзе плаціць блізу $100 за месяц.

Але як?

Сёння запазычанасць Веранікі за камунальныя паслугі складае амаль Br 5 тысяч. З іх асноўная запазычанасць - блізу Br 1700, астатняе - пеня.

«Для мяне гэта сума вялікая. У мяне такіх грошай няма. Я не ведаю, як выплаціць запазычанасць. Ну калі забяруць дзяцей у прытулак, я не ведаю, што буду рабіць», - кажа жанчына.

У разлікова-касавым цэнтры ЖКГ патлумачылі, што гэта адзіная магчымасць спагнаць грошы. Камунальнікі ўжо дасылалі папярэджанне, што адключаць электрычнасць, - аплата не паступіла, але праз дзяцей святло пакінулі.

«Камунальныя аплаты не аплачвалі, вось толькі апошнія 4 месяцы. Не сістэматычна яны аплачваюць, праз месяц. Аплата несвоечасовая. Адпраўляліся папераджальныя лісты. Яны ніяк на гэта не рэагавалі. У аддзел адукацыі адправілі лісты аб гэтых непаўналетніх дзецях, паведамілі пра запазычанасць», - тлумачыць пазіцыю дзяржавы Валянціна Канейчык, спецыялістка ў разліках мясцовай ЖКГ.

Лёс дзяцей цяпер будзе разглядаць аддзел адукацыі

Гэта далёка не першы выпадак, раней СМІ паведамлялі аб інцыдэнтах, калі камунальнікі, каб прымусіць неаплатнікаў разлічыцца, рабілі закладнікамі дзяцей. Але цяжка ацаніць, наколькі шырока распаўсюджаная такая практыка, бацькі рэдка звяртаюцца да журналістаў, бо баяцца яшчэ больш раззлаваць чыноўнікаў.

Беларусь - сацыяльная дзяржава, - паўтараюць чыноўнікі нават самага высокага рангу.

Ці праўда гэта?

Часта замест дапамогі сем'і, якія трапілі ў складаную сітуацыю, ад дзяржавы атрымліваюць адны ўльтыматумы.

«Як новы спосаб забеспячэння абавязацельстваў. Ты павінен аплаціць - ты аплаціў - у цябе забралі дзіця - ты ўсё, што заўгодна зробіш: і камунальныя заплаціш, і за ўтрыманне дзіцяці заплаціш», - падсумоўвае юрыстка Алена Кашына.

Цяпер Вераніка ў дэкрэтным адпачынку і атрымлівае дапамогу на дзяцей блізу Br 420. Бацька дзяцей зарабляе блізу Br 300. Грошай увесь час не стае. Дзе ўзяць патрэбную суму, каб не патрапіць у яшчэ большую пазыковую яму, сям'я не ведае.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках