19 снежня 2024, Чацвер, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Захад-2017» стаў сур'ёзным сігналам для ўсіх

19
Андрэй Саннікаў: «Захад-2017» стаў сур'ёзным сігналам для ўсіх
Андрэй Саннікаў

Рэжым Лукашэнкі з'яўляецца пагрозай для ўсяго рэгіёну.

20 верасня было афіцыйна абвешчана пра заканчэнне вучэнняў «Захад-2017». Аднак міжнародныя назіральнікі адзначылі непразрысты характар манеўраў, што дазволіла Генштабу Украіны зрабіць заяву аб неадпаведнасці характару вучэнняў іх задуме.

Што ж напраўду адбылося на тэрыторыі Беларусі цягам тыдня, з 14 да 20 верасня? Комплексную ацэнку манеўраў «Захад-2017» у інтэрв'ю Charter97.org даў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- У чым, на вашу думку, галоўная асаблівасць гэтых вучэнняў?

- Варта адзначыць дзве асаблівасці вучэнняў «Захад-2017».

Па-першае, яны адбыліся пасля таго, як Расея анэксавала Крым і развязала агрэсіўную вайну супраць Украіны, фактычна акупаваўшы яе ўсходнія тэрыторыі і прадаўжаючы весці баявыя дзеянні. Гэта значыць, вучэнні праводзіліся ў перыяд ваенных дзеянняў у суседняй краіне і былі часткай гэтых ваенных дзеянняў.

Другая асаблівасць: вучэнні праходзілі на тэрыторыі Беларусі пасля таго, як Еўразвяз наважыў зняць санкцыі з серыйных злачынцаў, якія вінаватыя ў неаднаразовых фальсіфікацыях выбараў, палітычных рэпрэсіях, катаваннях у турмах – з тых, хто складае сутнасць рэжыму Лукашэнкі.

На паспешлівае зняцце санкцый Захад пайшоў, наіўна мяркуючы стварыць «зону бяспекі» ў Беларусі, перш за ўсё для абароны сваіх інтарэсаў. Маўляў, заплюшчым вочы на парушэнне правоў чалавека, затое гарантуем сваю бяспеку. Але ў выніку атрымаў не толькі маштабныя парушэнні правоў чалавека, якія прадаўжаюцца ў Беларусі, але і наўпроставую ваенную пагрозу.

Вось гэтыя дзве асаблівасці, па-мойму, даюць ключ да разумення таго, што адбывалася 14-20 верасня на тэрыторыі Беларусі і для чаго гэта было трэба.

Тут сапраўды не выпадае гаварыць аб «празрыстасці», як і на ўсіх іншых вучэннях, якія праводзяцца Расеяй. І нават аб мэтах мы не можам казаць адназначна, бо была заяўленая «абарончая антытэрарыстычная аперацыя», а напраўду гэта былі буйнамаштабныя вайсковыя вучэнні з выкарыстаннем практычна ўсіх родаў войскаў для падрыхтоўкі магчымага сутыкнення з NATO.

- Ці скончыліся гэтыя «вучэнні» для Беларусі? Ці будуць расейскія войскі цалкам выведзеныя з тэрыторыі нашай краіны?

- Па-першае, мы не можам казаць аб тым, што застаецца невядомым: у нас няма незалежных інстытутаў, якія давалі б аб'ектыўную ацэнку, і незалежнай прэсы, якой бы дазвалялі пісаць пра гэта.

Па-другое, не так важна, ці былі пакінутыя расейскія войскі менавіта цяпер, пасля 20 верасня. Важна тое, што Беларусь – гэта адзіная тэрыторыя, якую рэжым Лукашэнкі дае Крамлю для адпрацоўкі ваеннай аперацыі ў вельмі складаны час для ўсяго рэгіёну. На заходнім кірунку гаспадараць расейскія войскі у Беларусі, як ім заманецца. Дастаткова ўспомніць ўкід ці то дэзінфармацыі, ці то інфармацыі аб руху танкавага войска, аб якім у беларускім Генштабе нічога не ведалі.

Крэмль прадэманстраваў, што тэрыторыяй Беларусі ў ваенным плане ён можа распараджацца, як хоча – пры поўнай падтрымцы рэжымам Лукашэнкі.

- З пункту гледжання міжнародных стасункаў што гэта азначае для будучыні Беларусі?

- Гэта безумоўная пагроза суверэнітэту і дзяржаўнасці Беларусі пры цяперашнім рэжыме. Гэта павінна стаць сур'ёзным сігналам для Захаду і нашых суседзяў: наіўныя спробы палітычна выкарыстоўваць Лукашэнку супраць Крамля пасля гэтых вучэнняў павінны быць пахаваныя.

Лукашэнка пацвердзіў, што ён з'яўляецца пагрозай для рэгіёну, што ён гатовы аддаваць тэрыторыю краіны для ваенных агрэсіўных дзеянняў Расеі. Таму цяпер павінна быць дадзеная сур'ёзная ацэнка таму, што адбылося. Спадзяюся, што заходнія экспэрты і палітыкі пагодзяцца з меркаваннем беларускай апазіцыі: Расея ўжо фактычна акупавала тэрыторыю Беларусі. І падчас гібрыдных дзеянняў 14-20 верасня, якія можна назваць «гібрыднай акупацыяй», было адпрацаванае ўзаемадзеянне з узброенымі сіламі Беларусі ў ваенным канфлікце з Захадам.

- Як беларускі палітык, што вы ўважаеце за неабходнае рабіць у такой сітуацыі?

- Па-першае, нам трэба адзначыць ролю нашых суседзяў, якія сур'ёзна паставіліся да гэтых манеўраў. Дзякуючы ім NATO таксама зрабіла крокі ў адказ. Я кажу аб Польшчы, Літве, Эстоніі, якія трывожна ўспрынялі падрыхтоўку да вучэнняў і самі манеўры і патрабавалі ад NATO выканання саюзніцкіх абавязацельстваў, увядзення на свае тэрыторыі дадатковых воінскіх кантынгентаў і правядзення сінхронных вучэнняў.

Думаю, што гэта ў значнай ступені паўплывала на першапачатковыя планы Крамля ў гэтых манеўрах. Напрыклад, у 2013 годзе такіх захадаў у адказ не было, пасля чаго адбыўся напад на Украіну. Сёлета дзякуючы міжнароднай увазе былі ўжытыя захады да таго, каб ніякіх нечаканасцяў не адбылося. Таму казаць аб тым, што «нічога буйнога не планавалася» - памылкова. Я думаю, што планавалася. Але выразныя захады ў адказ перашкодзілі гэтым планам ажыццявіцца.

Зразумела, што рэжым Лукашэнка не з'яўляецца ні гарантам, ні абаронцам беларускай незалежнасці. Таму і апазіцыі, і грамадзянскай супольнасці неабходна, па-першае, думаць аб тым, якія захады мы можам ужыць супраць гэтай «паўзучай анэксіі». І мы пра гэта думаем.

А нашым заходнім сябрам трэба разумець, што гэты рэжым не адпавядае іх інтарэсам таксама. Цалкам відавочна выявілася, што масавыя парушэнні правоў чалавека непазбежна вядуць не толькі да гуманітарнай, але і да ваеннай пагрозы на тэрыторыі той дзяржавы, дзе яны ўчыняюцца.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках