Паліна Шарэнда-Панасюк: Няхай Лукашэнка не лезе ў чужыя сем'і
20- 2.06.2017, 14:37
- 24,527
Улады правялі цэлую «спецаперацыю» супраць сям'і дэмакратычных актывістаў з Берасця.
Як гэта адбывалася, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла ў інтэрв'ю Charter97.org.
- Стала вядома, што да вашай сям'і прыходзілі са службы апекі над дзецьмі. Можаце расказаць пра гэта больш падрабязна?
- Напраўду ўлады правялі гэтую «спецаперацыю» яшчэ 25 сакавіка, на Дзень Волі. Але цяпер, пасля таго, як мяне з мужам перавялі ў статус падазраваных у сфабрыкаванай справе аб «абразе Лукашэнкі», мы наважылі публічна расказаць падрабязнасці, каб засцерагчы сваю сям'ю ад магчымых правакацый з боку ўладаў.
Я кажу менавіта пра «спецаперацыю», бо менавіта так усё і выглядала. Усё было арганізавана так, каб нашы дзеці засталіся дома на нейкі час без нагляду, і органы апекі маглі прыйсці як раз у гэты час. Муж знаходзіўся ў Менску, а мяне знарок прэвентыўна затрымалі. Падчас затрымання я заяўляла пра тое, што ў мяне дома засталіся двое маленькіх дзяцей і патрабавала тэлефон, каб патэлефанаваць сваякам, якія маглі іх паглядзець. Але ў міліцыі тэлефон у мяне забралі і патэлефанаваць не дазвалялі.
А пазней высветлілася, што якраз у гэты час міліцыянты звярнуліся ў службу апекі, каб тыя прыйшлі праверыць умовы ўтрымання нашых дзяцей. Адначасова міліцыя зладзіла «засаду» каля пад'езду, дзе жывуць бацькі майго мужа, Андрэя Шарэнды. Іх мэтай было - назіраць, каб бабуля ці дзядуля не прыйшлі да дзяцей раней за службу апекі.
Але Андрэй усё ж змог датэлефанавацца да сваёй маці раней, чым да нас у кватэру прыехалі з сацыяльнай службы. Яна хутка выбегла з пад'езда, каб прыехаць да нас дадому раней за органы апекі. Міліцыя з «засады» гэта зафіксавала і перадала сваім, каб дзейнічалі хутчэй. Але ў іх нічога не выйшла: бабуля апынулася з дзецьмі раней, чым прыехалі дзяржслужбоўцы і завялі справу праз тое, што дзеці знаходзяцца без нагляду.
Як гаворыцца, Бог усё бачыць і «спецаперацыя» ўладаў правалілася.
- Вас з мужам зрабілі падазраванымі ў груба сфабрыкаванай крымінальнай справе. Цяпер яшчэ стала вядома пра спробу адабраць у вас дзяцей. Як вы пракаментуеце ўсё гэта?
- Магу толькі назваць гэта подласцю ў дачыненні да нас і нашых дзяцей. Сам факт майго затрымання, калі я заявіла, што дома засталося грудное дзіця, а мне не давалі нават патэлефанаваць - гэта ўжо не па-людску. А што разгарнулася за маёй спіной «спецаперацыя» супраць дзяцей - гэта наогул за гранню разумення.
У сваіх дзеяннях для разбурэння сем'яў органы апекі спасылаюцца на ўказ прэзідэнта Беларусі №18. Хачу сказаць аўтару гэтага дэкрэта: хай ён займаецца сваім Колем і не суне нос у чужыя сем'і.