Берасцейскіх актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» выклікаюць у Следчы камітэт
5- 11.05.2017, 20:51
- 38,591
Андрэя Шарэнду і ягоную жонку Паліну Шарэнду-Панасюк выклікаюць у СК у якасці «сведак», але ў якой справе - не гавораць.
Сёння берасцейскім актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»
Андрэю Шарэнду і ягонай жонцы Паліне Шарэндзе-Панасюк уручылі позвы са Следчага камітэта. Пра гэта Charter97.org паведамілі самі актывісты.
У позве гаворыцца пра тое, што Андрэй Шарэнда выклікаецца заўтра а 12.00 ва Управу Следчага камітэта Берасця і Берасцейскай вобласці ў якасці сведкі. Але ў якой справе - у позве не пазначана. Ягоную жонку Паліну Шарэнду-Панасюк аналагічнай позвай выклікаюць а 14.00 і гэтак жа не паведамляюць, у якой справе.
Актывісты паведамілі, што пойдзе з іх толькі хтосьці адзін, бо нехта мусіць застацца дома з маленькімі дзецьмі. Актывісты разумеюць, што ў Беларусі ўжо былі прэцэдэнты таго, што ўказаны ў такіх позвах статус «сведкі» падчас справы перакваліфікавалі ў статус «абвінавачанага» і не выключаюць якіх-небудзь правакацый супраць іх заўтра ў Следчым камітэце.
Нагадаем, што Андрэй Шарэнда і Паліна Шарэнда-Панасюк сталі аднымі з лідараў вясновых пратэстаў у Берасці. 25 сакавіка Андрэя Шарэнду арыштавалі на 15 дзён за ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Менску.
Цяпер у турме на Акрэсціна ў Менску адбываюць арышт каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель і Максім Вінярскі .