Напалоханы Лукашэнка дае задні ход
605- 9.03.2017, 12:31
- 39,580
Дыктатар заявіў, што дэкрэт аб «дармаедах» касаваць не будуць, але грошай сёлета спаганяць не стануць.
Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» касаваць не стануць, але цягам года даручана не спаганяць адпаведны збор. Гэтую пастанову сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны агучыў Лукашэнка, паведамляе БелТА.
«Цягам сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэктаваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт касавацца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў»- заявіў дыктатар.
«Я, натуральна, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю ўсякую пісаніну ў СМІ - і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ - тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў», - заявіў Лукашэнка.
З ягоных слоў, гэты дэкрэт не з'яўляецца эканамічным і фінансавым. «Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэтай гэтага дэкрэта з'яўляецца адно - прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта - галоўнае», - адзначыў дыктатар.
Разам з тым Лукашэнка канстатаваў «агіднае і безадказнае» выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў. «Не знайшлі там (у працы з насельніцтвам для выканання дэкрэта. - Рэд.) сваё месца і нашы «дэпутаты». Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых «саветаў», - сказаў ён. «Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацыях - гэта іх перш за ўсё праца. А кантроль - за губернатарамі і мэрам Менска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць. А сумленных людзей не трэба было чапаць наогул. Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя «дармаеды», якія сапраўды «дармаеды». Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаныя, якім мы без дай прычыны паслалі гэтыя паведамленні», - сказаў Лукашэнка.
Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плату на падставе дэкрэта №3. «Спісы павінны быць вывераныя. Прыцягнуць да складання спісаў трэба ўсіх - «дэпутатаў» мясцовых «саветаў», міліцыю, участковых, спецслужбы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Менску. А мая адміністрацыя разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтай пастановы», - заявіў дыктатар.
Лукашэнка агучыў наступнае: цягам 2017 года не спаганяць у рамках дэкрэта №3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. «Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на працу, мы з бюджэту на ягонае патрабаванне вернем гэтыя грошы», - загадаў дыктатар. «У 2016 годзе пэўная колькасць (гэта тысячы людзей), не аспрэчваючы, унеслі плату. Сёння я здымаю патрабаванне, каб усе, каго мы адлучым за першы квартал, плацілі гэтыя грошы. Не будзем за 2016 год спаганяць гэтыя грошы з тых, хто павінен плаціць. А тыя, хто заплаціў, тыя ў 2017-м не будуць плаціць. Калі яны будуць працаваць у 2017 годзе, мы павінны на іх патрабаванне вярнуць гэтыя грошы», - растлумачыў Лукашэнка.
Нагадаем, што 17 лютага ў Менску адбыўся шматтысячны Марш абураных беларусаў з патрабаваннем скасаваць дэкрэт аб «дармаедах» і правесці новыя свабодныя выбары. Уладам быў дадзены месяц на выкананне патрабаванняў Марша.
Пасля гэтага 26 лютага маштабныя акцыі пратэсту прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. У Гомелі на вуліцы таксама выйшла некалькі тысяч чалавек.
5 сакавіка «Маршы недармаедаў» прайшлі ў буйных гарадах Беларусі. У Берасці на акцыю выйшла некалькі тысяч чалавек, пратэстоўцы перакрылі галоўны праспект горада.
Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу заклікалі суграмадзян з Менска і рэгіёнаў выйсці 25 сакавіка на Дзень Волі ў цэнтры сталіцы, а 26 сакавіка - на акцыі пратэсту ў сваіх гарадах.