Андрэй Саннікаў: Лепш скасаваць вучэнні «Захад-2017»
18- 20.03.2017, 19:52
- 53,704
На якой падставе Расея ў аднастароннім парадку запрашала назіральнікаў на вучэнні ў Беларусі?
Такое пытанне задае лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.
- Назіраю ў СМІ і сацыяльных сетках, як «карысныя ідыёты» або проста ідыёты і агіднікі замілоўваюцца чарговым нябачаным прарывам дыктатара на заходнім кірунку.
«Ах, Лукашэнка, ах, мілка, запрасіў-такі назіральнікаў NATO на вучэнні Захад-2017. Які плявок у бок Расеі!» Такая падача і ёсць тыя самыя фальшывыя навіны, з якімі сёння спрабуюць змагацца. А прасцей - разлічаная на дурняў «качка» для падтрымання «светлага вобразу» дыктатара Лукашэнкі.
Напраўду ўсё ідзе значна горш, чым здаецца на першы погляд. Па-першае, запрашэнне назіральнікаў на вучэнні з'яўляецца міжнародным абавязкам краіны, якая праводзіць гэтыя вучэнні, а ніяк не добраахвотным капрызам. Гэты абавязак зафіксаваны ў Венскім дакуменце 2011 года аб захадах умацавання даверу і бяспекі (ВД-2011).*
Па-другое, да гучных заяў Лукашэнкі такое запрашэнне на адрас NATO ўжо накіравала Расея, і 13 сакавіка генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Паўночнаатлантычны блок вітае запрашэнне Расеяй назіральнікаў альянсу на вучэнні Захад-2017. Так што Лукашэнка выказаўся толькі пасля ўхвалення Крамля.
А вось тут пачынаецца самае цікавае і абуральнае. На якой падставе Расея ў аднастароннім парадку запрашала назіральнікаў на вучэнні, які запланаваныя на нашай тэрыторыі?
На якой падставе генеральны сакратар NATO прымаў гэтае запрашэнне ў чужую краіну і дзякаваў за яго Расеі?
Такое грэбаванне нашай незалежнасцю толькі ўзмацняе ўяўленне Крамля аб тым, што ці не паў-Еўропы ўваходзіць у яго «сфэру ўплыву», і яго апетыты ў дачыненні да суседзяў. Увогуле, усё, што звязана з «Захадам-2017», выклікае ўсё больш асцярог і замест лёстак за запрашэнні Захад лепш было б патрабаваць скасавання гэтых вучэнняў. Беларусам яны дакладна не патрэбныя, - заявіў Андрэй Саннікаў.
_________________
*Венскі дакумент 2011 года аб захадах умацавання даверу і бяспекі (ВД-2011) прыняты 30 лістапада 2011 года на пленарным пасяджэнні Форуму супрацоўніцтва ў галіне бяспекі АБСЕ (ФСГБ). ВД-2011 развівае і дапаўняе захады даверу, зафіксаваныя ў Дакуменце Стакгольмскай канферэнцыі 1986 года, Венскіх дакументаў 1990, 1992, 1994 і 1999 гадоў. З'яўляецца палітычна абавязковым, не падлягае ратыфікацыі. Увайшоў у дзеянне 1 снежня 2011 года.
Мэтай ВД з'яўляецца ажыццяўленне ўзгодненага набору ўзаемадапаўняльных захадаў умацавання даверу і бяспекі (ЗДБ) для павышэння стабільнасці і памяншэння пагрозы ўзнікнення ваенных канфліктаў у рэгіёне АБСЕ.
У адпаведнасці з ВД дзяржавы-ўдзельніцы штогод абменьваюцца інфармацыяй аб вайсковых сілах і асноўных сістэмах ўзбраенняў і тэхнікі, аб планаванні ў галіне абароны і вайсковых бюджэтах. Дакументам прадугледжаны механізм кансультацый і супрацоўніцтва ў сувязі з незвычайнай вайсковай дзейнасцю і ў дачыненні да небяспечных інцыдэнтаў вайсковага характару.
Дзяржавы – ўдзельніцы паведамляюць адна адной праз Сетку сувязі АБСЕ аб пэўных тыпах вайсковай дзейнасці, запрашаюць на іх назіральнікаў, праводзяць інспекцыі вызначанага раёна, а таксама наведвання вайсковых фармаванняў для ацэнкі правільнасці дадзенай пра іх інфармацыі.