Масавая акцыя ў Гомелі: «Лукашэнка, сыходзь!» (Відэа, онлайн)
278- 19.02.2017, 12:34
- 66,156
Некалькі тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Гомелі.
Дэмакратычныя сілы правялі ў Гомелі акцыю супраць «дэкрэту аб дармаедах», нягледзячы на забарону гарадскіх уладаў.
Людзі былі настроены рашуча: скандавалі лозунгі «Сыходзь», «Лукашэнку і Ярмошыну ў адстаўку!»
Акцыя праходзіла на плошчы Паўстання.
«Людзей знішчаюць гэтым дэкрэтам. Нават у Зімбабвэ такога няма. У Гомелі наогул няма працы! Адна вакансія дворніка на ўвесь горад» , - казалі «дармаеды».
Удзельнікі ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі. Часта гучаў лозунг: «Не дэкрэту нумар 3 — Лукашэнка, сыходзь!».
Гэта першая масавая акцыя ў Гомелі з 2000-х гадоў, адзначыў праваабаронца Леанід Судаленка.
На плошчы Паўстання выступалі людзі, якія трапілі пад «дэкрэт», рашуча патрабавалі яго скасавання. Удзельнікі скандавалі «Лукашэнка — дармаед!».
Колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту назіральнікі ацэньваюць 2-3 тысячы чалавек.
Многія з прысутных раней не ўдзельнічалі ў акцыях, але лозунг «Жыве Беларусь!» падтрымлівала ўся плошча.
На акцыю прыйшлі і пенсіянеры, якія заявілі, што прыйшлі падтрымаць моладзь.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета яшчэ БССР, Галіна Пракаповіч: «Колькі можна так жыць? Гэта ж немагчыма! Як людзям выжыць на гэтыя заробкі? Яшчэ і працы не даюць! Так што мы супраць Лукі - так і напішыце!»
Гамельчукі запатрабавалі скасавання падатку для беспрацоўных і, як і менчукі, маюць намер выйсці на акцыю пратэсту 25 сакавіка - на Дзень волі.
Супраць дэкрэта №3 сёння таксама пратэставалі ў Горадні, Магілёве і Берасці. 17 лютага ў Менску прайшоў масавы Марш абураных беларусаў.