19 снежня 2024, Чацвер, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2017 годзе

24
Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека ў 2017 годзе

Cайт Charter97.org абвяшчае лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2017 год.

Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча сёлета ўзнагароджваюцца:

Павел Белавус

Павел Белоус

Заснавальнік «Арт-сядзiбы» Павал Белавус сваім прыкладам паказвае, што беларусы маюць канстытуцыйнае права на тое, каб быць беларусамі ў сваёй краіне. Павел многае зрабіў для прасоўвання беларускай нацыянальнай ідэі і нацыянальных сімвалаў. За свае ідэі кіраўнік «Арт-сядзiбы» гатовы ахвяраваць свабодай. 26 сакавіка 2017 года ён выйшаў на Кастрычніцкую плошчу Менска з патрабаваннем вызвалення арыштаваных напярэдадні ў Дзень Волі сотняў беларусаў. Узнагароджваецца ў дзвюх намінацыях - «За смеласць у творчасці» і «За асабістую мужнасць».

Леанід Судаленка

Леонид Судаленко

Праваабаронца, прававы інспектар незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці Гомельскай вобласці самааддана змагаецца за правы працоўных. У 2017 годзе Леанід Судаленка дапамог многім беспрацоўным людзям, якія трапілі пад дзеянне абсурднага дэкрэту Лукашэнкі «Аб дармаедах, а таксама абараняў не толькі сябраў прафзвязу РЭП, але і іншых работнікаў, чые правы парушаліся адміністрацыямі прадпрыемстваў. Узнагароджваецца ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Вольга Нікалайчык

Ольга Николайчик

Таленавітая рэжысёрка-дакументалістка Вольга Нікалайчык стала сёння сапраўдным праваабаронцам. Як чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці яна б'ецца за правы ўсіх, дапамагаючы і падтрымліваючы тых, чые правы парушаюцца ў дыктатарскай Беларусі. Вольга выходзіла на Маршы абураных беларусаў, абараняла Курапаты, пратэставала супраць расейскіх войскаў у Беларусі, дапамагала палітычным зняволеным, абараняла жанчын, якія зазналі сэксуальныя дамаганні. Вольга Нікалайчык ўзнагароджваецца ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Вольга Чайчыц

Ольга Чайчиц

У 2017 годзе супраць незалежных журналістаў і фрылансераў у Беларусі былі распачатыя больш за 100 адміністрацыйных спраў за выкананне імі прафесійных абавязкаў. Журналістка тэлеканал «Белсат» Вольга Чайчыц неаднаразова затрымлівалі падчас правядзення стрымлайн з акцый пратэсту ў Беларусі, цягам года яе судзілі па адміністрацыйных справах 7 разоў. Вольга ўзнагароджваецца ў намінацыі «За абарону прынцыпаў свабоды слова».

Яўген Афнагель

Евгений Афнагель

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу вярнуўся ў Беларусь пасля чатырох гадоў вымушанай эміграцыі, працягнуў змаганне і стаў адным з лідараў вулічных пратэстаў. Чалавек неверагоднай асабістай сціпласці і вялізнай мужнасці. Яго жыццёвае крэда: «Правы чалавека не даюцца, а абараняюцца ў барацьбе». Яўген Афнагель узнагароджваецца ў намінацыі «За асабістую мужнасць».

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Казулін, Ігар Аліневіч, Зьміцер Дашкевіч, Міхаіл Марыніч, Павел Севярынец, Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч, Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Васіль Парфянкоў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, спартовец, чэмпіён свету па муйа-тай Віталь Гуркоў, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў Менску Івона Мацукевіч, праваабаронцы Валер Шчукін і Галіна Юбко, жонкі зніклых у Беларусі лідараў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, жонка былога палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, творчае аб'яднанне «Пагоня», Беларускі Свабодны тэатр, музычныя гурты «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі» і яго лідар Сяргей Міхалок, «N. R. M.», «Новае неба», закрыты ўладамі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, журналісты Святлана Калінкіна, Андрэй Пачобут, Павел Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунева, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч, Юлія Дарашкевіч, праваабаронцы Яна Палякова і Таццяна Новікава, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, рэжысёр Антон Цялежнікаў, шведскія пілоты Томас Мазэцці, Пэр Кромвэл і Ханна Фрэй, палітычныя зняволеныя ў «справе 19 снежня», ініцыятыва «Вызваленне», ініцыятыва «Студэнты супраць», лідар легендарнага беларускага рок-гурту «Крама» Ігар Варашкевіч, эканаміст Леанід Злотнікаў, былы палітвязень, адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і арганізацыі «Край» Вадзім Кабанчук, журналіст Ягор Марціновіч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках