19 снежня 2024, Чацвер, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка безнадзейна састарэў

34
Лукашэнка безнадзейна састарэў

Вынікі 2017 года.

- Гэты год быў вельмі дынамічным і ў гэтым яго галоўнае адрозненне ад папярэдніх гадоў. Пасля доўгага сацыяльна-палітычнага зацішша ў 2017 годзе адбыліся яркія падзеі, - заявіў у інтэрв'ю Сharter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Якія падзеі гэтага года вы б адзначылі?

- Безумоўна, гэта Маршы абураных беларусаў, якія пракаціліся ва ўсёй краіне. У выніку пратэстаў улады былі вымушаныя часткова скасаваць дэкрэт аб «дармаедах», камусьці нават вярнулі грошы. Дзеянні дэкрэта №3 адклалі на 2019 год. Гэта была наша агульная перамога.

Я б адзначыў расейска-беларускія вайсковыя вучэнні, якія праходзілі цягам некалькіх месяцаў. Нельга казаць толькі пра вераснёўскі этап манеўраў.

Вельмі парадаваў віртуальна-гумарыстычны адказ беларусаў на вучэнні «Захад-2017» - з'яўленне мэма Вяйшнорыя. Я думаю, што гэта была параза беларускіх і расейскіх сілавікоў у «гібрыднай» вайне. Яны хацелі адно, а атрымалі зусім іншае.

Хацелася б адзначыць падзеі, якія, безумоўна, звязаныя з пратэстамі - гэта «справа патрыётаў» і кампанію пад назвай «Фраў А», якая ўсчалася ў лукашэнкаўскіх медыях. Гэтая дзейнасць была накіраваная, у тым ліку, на знішчэнне грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і сайта «Хартыя'97».

Улады знялі шэраг прапагандысцкіх фільмаў, задзейнічалі газету «Советская Белоруссия» супраць лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, «Еўрапейскай Беларусі» і галоўнага рэдактаркі сайта Сharter97.org. Атака вялася як на тэрыторыі нашай краіны, так і за мяжой. Былі праведзеныя дзясяткі арыштаў актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», «Еўрапейская Беларусь» і «Хартыя'97» былі пазбаўленыя памяшкання ў Варшаве, былі зробленыя спробы пазбавіць сайт Сharter97.org фінансавання. Але атакі беларускіх спецслужбаў зазналі крах.

Вельмі радуе, што ўлады таксама былі вымушаныя спыніць «справу патрыётаў», і дзясяткі маладых людзей выйшлі на свабоду.

Яшчэ адная важная падзея, якая будзе адчувацца, не пабаюся гэтага слова, цягам стагоддзяў - выяўленне магілы кіраўнікоў паўстання 1863-1864 года ў Вільні. Было знойдзена цела Зыгмунта Серакоўскага, ідуць работы для пацвярджэння таго, што знойдзена цела Кастуся Каліноўскага і іншых лідараў паўстання. Гэта вельмі важная падзея, бо сталіца Літвы Вільня і цяпер з'яўляецца культурнай Мекай для беларусаў. Асабліва важна для нас тое, што гэты горад стане месцам, куды беларусы змогуць прыехаць і пакланіцца героям знакамітага паўстання. І тут нізкі паклон прафесійным гісторыкам, археолагам, людзям, якія ўдзельнічаюць у гэтых працах, тым, хто дапамагае ім фінансава.

- Вы адзначылі такую важную культурна-гістарычнаю падзею, як знаходку пахавання лідараў паўстання 1863 года. У 2018 годзе мы будзем святкаваць 100-годдзе абвяшчэння БНР. Якім вы бачыце гэты важны для Беларусі год?

- Кожны год народ, асобна ўзятыя людзі, павінны даводзіць, што яны «чагосьці вартыя». У беларусаў ёсць выдатная магчымасць праявіць сябе ў 2018 годзе. Дата вельмі значная, але як праявяць сябе беларусы - пытанне адкрытае. Спадзяюся, што 100-годдзе абвяшчэння БНР, аднаўленне нашай Незалежнасці, стане годнай падзеяй.

- Якія асноўныя міжнародныя падзеі 2017 года вы б адзначылі?

- Важная падзея адбылася ў нашых паўднёвых суседзяў - украінцаў. Грамадзяне Украіны атрымалі доўгачаканы «бязвіз». Цяпер украінцы могуць свабодна падарожнічаць ва ўсёй Еўропе і іншых краінах. Гэта добры прыклад для беларусаў, які паказвае, што само нічога не робіцца, а за сваю годнасць, правы і павагу трэба змагацца.

Страшнай падзеяй стала правядзенне расейскіх ваенных вучэнняў. Частка з іх праходзіла на тэрыторыі Беларусі, як важным стратэгічным месцы Еўропы. Небяспека манеўраў у тым, што яны праходзілі ад Паўночна-Ледавітага акіяна да Міжземнага мора. Гэта былі гібрыдныя вучэнні з нанясеннем авіяцыйных і ракетных удараў па «жывым цэлях», як гэта было ў Сірыі. Таксама вайсковыя манеўры праходзілі на тэрыторыі «ЛНР» і «ДНР», Беларусі, у Заходнім, Цэнтральным і нават Паўночным акругах Расеі, у акваторыі Балтыйскага мора. Такія вучэнні не праводзіліся ў нашым рэгіёне, на тэрыторыі Еўропы, ужо дзясяткі гадоў. Сваім маштабам - гэта вельмі небяспечная з'ява.

З гэтай з'явай звязана тое, што ЗША і Еўропа вельмі адэкватна пачалі ацэньваць Расею. Нягледзячы на ўсе спробы прэзідэнта Трамп пасябраваць з дыктатарам Пуціным, амерыканская палітычная эліта (у тым ліку - партыя рэспубліканцаў), намагала, дзесьці абавязала, прэзідэнта ЗША ўключыць механізм новых санкцый супраць Расеі. Вынік гэтых захадаў будзе зразумелы ў першай палове 2018 года. Гэта ўзаемазвязаныя моманты: РФ спрабуе праводзіць агрэсіўную палітыку, з вельмі моцным вайсковым складнікам - а ЗША адэкватна рэагуе на гэта.

ЗША адэкватна рэагуюць і на паўночнакарэйскага маньяка Кім Чэн Ына. Мая версія, што прарыў у галіне ракетных і ядзерных узбраенняў дасягнуты Пхеньянам, у тым ліку, з дапамогай Расеі.

Яшчэ адная яркая падзея - гэта фантастычны рост курсу біткоіна. У гэтым працэсе змяшалася ўсё: прарыў у галіне тэхналогій і адначасова паводзіны фінансавых спекулянтаў, як пры будаўніцтве фінансавай піраміды. З аднаго боку - біткоін стаў сімвалам прагрэсу, а з іншага - людзі застаюцца людзьмі. Дзесьці чалавецтва і не ведае, як рэагаваць на гэтыя працэсы. Усё вельмі радыкальна мяняецца і трэба да гэтага прыстасоўвацца.

- Чаго б вы зычылі беларусам у 2018 годзе?

- Многія кажуць аб тым, што цяперашняе вылучэнне Пуціна кандыдатам у прэзідэнты - апошняе, бо ён вельмі архаічны. Нават у Расеі, якая апантаная імперскім сіндромам (мы бачым гэта з настрояў «Крымнаш»), тым не менш, моладзь і значная частка грамадства Пуціна не ўспрымаюць. Калі Пуцін стаў архаічным, то што тады казаць пра Лукашэнку?

Беларусы павінны верыць таму, што чуюць у чэргах, у грамадскім транспарце, таму, пра што пішуць у сацыяльных сетках і інтэрнэце. Лукашэнка не можа заставацца правадыром Беларусі, ягоны час даўно прайшоў. Трэба рэальна глядзець на рэчы: хеўра, якая доўгі час знаходзіцца ва ўладзе, доўгі час дурыла людзям галаву, выкарыстоўваючы дзяржаўную тэлевізію, рэпрэсіі і «Советскую Белоруссию».

Сэнсам гэтых дзеянняў была пабудова сабе раскошных палацаў і рэзідэнцый. Цяпер мы ўсё гэта бачым пры дапамозе дронаў: як у краіне, якая знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы, дзе большасць людзей жывуць бедна, некаторыя асобы балююць. Для сваіх мэтаў яны выкарыстоўваюць розныя дэкрэты, накіраваныя супраць беспрацоўных, прадпрымальнікаў, іншых слаёў насельніцтва. Усё гэта робіцца толькі са шкурных інтарэсаў.

І тут беларусы павінны разумець, што не мы першыя, не мы апошнія. Мы павінны паставіць кропку ў справе беларускай дыктатуры. Тое, што адбываецца - агонія рэжыму. Трэба верыць у свае сілы і быць салідарнымі, быць гатовымі да таго, што гэтая дыктатура ўжо падае і трэба ёй дапамагчы спыніць існаванне. Мы павінны ствараць еўрапейскую Беларусі і пачынаць жыць, як нармальныя людзі.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках