27 лiстапада 2024, Серада, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

RBS адвярнуўся ад апошняга дыктатара Еўропы

45
RBS адвярнуўся ад апошняга дыктатара Еўропы

Адзін з найбуйнейшых банкаў Вялікабрытаніі Royal Bank of Scotland (RBS) спыніў супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі.

Адмова ад супрацоўніцтва банка, які ў студзені гэтага года ўдзельнічаў у выпуску еўрааблігацый Беларусі аб'ёмам 800 мільёнаў даляраў, звязаны з працягам рэпрэсій у краіне, паведамляе газета Independent.

Актывісты Беларускага Камітэта - няўрадавых арганізацый Index on Censorship, Беларускага Свабоднага тэатра і кампаніі Free Belarus Now!, якая была створана па ініцыятыве Ірыны Багданавай, сятры кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, і аб'ядноўвае сваякоў, сяброў і аднадумцаў беларускіх палітычных зняволеных, сустрэліся з кіраўніцтвам RBS ў Эдынбургу.

Пасля сустрэчы банк заявіў аб спыненні вядзення бізнесу з Менскам.

«Улічваючы санкцыі, палітычную сітуацыю ў Беларусі, якая пагаршаецца, і той факт, што краіна не выканала ключавыя элементы праграмы МВФ, RBS спыніў любыя аперацыі па прыцягненні капіталу ад імя Рэспублікі Беларусь», - гаворыцца ў заяве банка.

RBS - адзіны брытанскі банк, які ў апошні час ўступаў наўпрост у фінансавае супрацоўніцтва з Беларуссю, адзначае газета.

Праваабаронцы віталі рашэнне RBS. Дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда заявіла газеце: «Калі брытанскі бізнес інвестуе ў Беларусь альбо RBS прадае аблігацыі гэтага ўрада, ён дапамагае падтрымліваць аўтарытарны рэжым. У Беларусі КДБ катуе і выкрадае людзей». Майк Харыс з Index on Censorship дадаў: «RBS паслаў выразны сігнал аб тым, што не варта рызыкаваць інвеставаць у рэжым, які «парушае асноўныя правы чалавека».

Як паведаміў у студзені расейскі Сбербанк, які сумесна з BNP Paribas, Deutsche Bank і RBS выступіў арганізатарам і лід-мэнэджарам выпуску даляравых еўрабондаў Беларусі, попыт на гэтыя паперы перавысіў прапанову ў 3,4 разы, склаўшы 2,75 мільярда даляраў.

У ліпені 2010 года Беларусь размясціла ў Еўропе дэбютныя еўрааблігацыі на 600 мільёнаў даляраў са стаўкай купона 8,75% гадавых і пагашэннем ў 2015 годзе. У жніўні мінулага года адбылося даразмяшчэнне еўрабондаў на 400 мільёнаў даляраў у дадатак да дэбютнага выпуску, прыбытковасць па паперах склала 8,251% гадавых.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках