25 снежня 2024, Серада, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўду пра беларускі «эскадрон смерці» даведаліся ў Вашынгтоне

20
Праўду пра беларускі «эскадрон смерці» даведаліся ў Вашынгтоне

Спектакль аб палітычных забойствах у Беларусі, прэм'ера якога прайшла ў Вашынгтоне ў гадаваіну знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, выклікаў у амерыканскіх гледачоў шок.

Як паведамляе радыёстанцыя «Голас Амерыкі», «Свабодны тэатр» – гэта незалежная трупа свабодных акцёраў, якія не маюць у Беларусі ўласнай сцэны. Афіцыйна ён быццам бы не існуе. У «Свабоднага тэатра» няма нават адрасу, яго п'есы забароненыя, а акцёраў у лепшым выпадку могуць звольніць з пастаяннай працы. У горшым – проста саджаюць у турму. Усе акцёры калісьці працавалі ў іншых тэатрах, але як толькі яны вырашылі звязаць свой лёс са «Свабодным тэатрам», іх звольнілі.

«Тыя, хто звязаў сваё жыццё са «Свабодным тэатрам» на сённяшні дзень нідзе афіцыйна не працуюць. Нас усіх «пасыходзілі» з афіцыйных працаў. Вось у мяне, напрыклад, працоўная кніжка ўжо чатыры гады ляжыць дома. Ад нас «вызваліліся» усе дзяржтэатры», - распавядае акцёр Алег Сідорчык.

У Вашынгтоне «Свабодны тэатр» выступіў упершыню. І гэтым разам менскі тэатральны калектыў, забаронены ў сябе на радзіме, прэзэнтаваў свае нашумелыя ў Еўропе і на радзіме спектаклі «Пакаленне Jeans» і «Спасцігаючы каханне» у пастаноўцы Мікалая Халезіна.

Як перадае «Голас Амерыкі», спектакль «Спасцігаючы каханне» -- гэта гісторыя кахання, расказаная жанчынай, чый муж быў выкрадзены і забіты. Муж Ірыны Красоўскай Анатоль, як лічаць незалежныя еўрапейскія эксперты, стаў ахвярай дзейсных у Беларусі палітычных «эскадронаў смерці». Следам за першапачатковым шокам, яе думкі звяртаюцца да недамоўленых словаў і нерэалізаваных мараў. Пастаноўка злучае трагічны лёс беларускай жанчыны з падобнымі гісторыямі жанчынаў з Азіі, Паўднёвай і Лацінскай Амерыкі. Гэтую п'есу пісалі 9 гадоў, бо Ірыне было цяжка казаць пра забойства мужа і вяртацца да перажытых падзеяў. Дагэтуль Ірыне Красоўскай цяжка глядзець гэты спектакль, нават праз 10 гадоў.

«Эмацыйна гэта настолькі добра зроблена, але гэта настолькі цяжка для мяне… Бо гэта маё жыццё. Прайшло шмат гадоў, але мне ўсё роўна балюча» , - кажа Ірына Красоўская ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

Гастролі незалежнага беларускага тэатра прыцягнулі ўвагу амерыканскай публікі і прэсы. Уплывовая газета «Вашынгтон пост» напісала пра прыезд тэатра як пра важную падзею, паколькі тэатр такой свабоднай палітычнай формы – гэта знаходка для амерыканскіх гледачоў. Адчуваючы рызыку на радзіме, беларускія гледачы прыходзяць на спектаклі тэатра з пашпартам -- на выпадак арышту. Для вашынгтонскіх гледачоў тое, што яны ўбачылі на сцэне, было ўзрушэннем.

«Я ніколі не чуў пра падзеі, паказаныя ў п'есе. Я так узрушаны, што не магу спакойна размаўляць. Мы прышлі з сябрамі, і гэты спектакль зрабіў на ўсіх вельмі моцнае ўражанне» , -- кажа адзін з гледачоў.

«Я думаю, гэта вельмі патрыятычны спектакль. Ён вельмі інтымны з аднаго боку, але ў той жа час гэтая тэма -- агульначалавечая. Вельмі шмат у свеце адбываецца падобнага, гэта здараецца паўсюль і гэтага не павінна быць. Усё ў гэтым спектаклі пра моцнае каханне і яго страту. Забойства ж выклікае скруху і жах», -- дзеліцца ўражаннямі яшчэ адна жыхарка Вашынгтона.

У канцы рэпартажу «Голас Амерыкі» адзначае: сёння ў Вашынгтоне, як і ў іншых краінах свету, дзе атрымалася выступаць акцёрам «Свабоднага тэатра», нішто не абмяжоўвае іх творчую волю, але калі яны вернуцца ў Беларусь – зноў працягнецца небяспечнае супрацьстаянне з уладамі. Аднак усведамленне таго, як шмат у іх прыхільнікаў на радзіме і разуменне важнасці місіі – несці вольнае слова ў закрытае грамадства -- усё гэта робіць іх самаахвяраваннев вартым рызыкі.

На спектаклях «Свабоднага тэатра» у Вашынгтоне змаглі прысутнічаць прадстаўнікі беларускай дыяспары. Пасля спектакля «Спасцігаючы каханне» прадстаўнікі Беларускага Моладзевага руху Амерыкі падзяліліся з сайтам www.charter97.org сваімі ўражаннямі:

-- П'еса «Спасцігаючы каханне» напісаная на аснове жыццёвых фактаў, рэальнай гісторыі кахання Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Гэта надае твору не толькі вострае сацыяльнае гучанне, але і значную палітычную афарбоўку. Гэтым спектаклем быў дадзены старт міжнароднай акцыі дзеячаў культуры ў падтрымку канвенцыі ААН супраць гвалтоўных знікненняў.

Драма неверагодна глыбокая і сімвалічная. Яна знайшла водгук у душах кожнага гледача. Адклікаюцца рэхам у памяці словы галоўнага героя, калі ён распавядае пра сваю смерць. І жахлівы холад пранізае сэрца, бо гэта не легенды, гэта праўда жыцця – жыцця ў Беларусі. У свеце заўсёды знойдуцца пачварныя людзі, якія будуць жадаць улады і грошай, не звяртаючы ўвагі нават на тое, што дзеля дасягнення сваёй мэты ім, літаральна, прыйдзецца хадзіць па трупах.

Натуральна, што ў крызісныя моманты чалавецтва звяртаецца да Бога. Менавіта тут сканцэнтраваны той патэнцыял, які падпітвае надзею людзей на лепшае будучыню на працягу стагоддзяў. Менавіта таму ў спектакль уключаная малітва за бязвінна асуджаных, напісаная забітым камуністычнымі ўладамі польскім святаром Ежы Папялушкам.

Спектакль крануў -- бо паказаныя людзі з нашага, сённяшняга беларускага жыцця. І таму, калі глядзіш «Спасцігаючы каханне», разумееш, што тое, што здарылася з галоўнай гераіняй, магло здарыцца з кожным з нас. A ці не гэта галоўнае, калі ты выходзіш з тэатра, нешта зразумеўшы?!

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках