24 снежня 2024, aўторак, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нюрнберг» па ўласным жаданні

20
«Нюрнберг» па ўласным жаданні

Афіцэры спецслужбаў, супрацоўнікі АМАПу, прадажныя чыноўнікі і функцыянеры ад улады, якія здзяйснялі злачынствы супраць свайго народа пры дыктатарскіх рэжымах – ці панясуць яны пакаранне?

Гэтую праблему, актуальную сёння і для Беларусі, узняў у п’есе «Нюрнберг» вядомы польскі драматург Войцэх Томчык. П’еса была напісана 6 гадоў таму, і нядаўна была пераведзена на беларускую і расейскую мову «Свабодным тэатрам».

Амбасада Польшчы арганізавала прыезд Войцэха Томчыка ў Менск, бо звярнуў увагу на гэту п’есу Надзвычайны і Паўнаважаны амбасадар Рэспубліка Польшча ў Беларусі Генрык Літвін. 18 лістапада ў будынку дыппрадстаўніцтва адбылася знакавая падзея – чытанка п’есы «Нюрнберг» акторамі «Свабоднага тэатра» Алегам Сідорчыкам, Марынай Юрэвіч і Янай Русакевіч пад рэжысурай Мікалая Халезіна.

Першае чытанне п’есы ў Беларусі прайшло ў прысутнасці прадстаўнікоў амбасадаў краін Еўразвяза і дэмакратычнай супольнасці.

Ашаламляльны і неверагодна актуальны для постсавецкай прасторы тэкст польскага драматурга меў вялікі поспех. П’еса заснавана на рэальных гісторыях. Тэлеспектакль па гэтым творы стаў культавай драматычнай падзеяй апошніх гадоў у Польшчы.

Галоўны герой п’есы – палкоўнік спецслужбаў, які сустракаецца з маладой журналісткай і просіць яе ініцыяваць «Нюрнбергскі працэс»... над сабой. Словамі свайго героя Войцэх Томчык апісвае жудасныя злачынствы, якія здзяйсняюць улады камуністычнай Польшчы: жорсткія рэпрэсіі супраць актывістаў прафсаюза «Салідарнасць», забойствы і выкраданні людзей, катаванні і здзекі з іншадумцаў у турмах, правакацыі спецслужбаў, якія зацкоўвалі людзей да самагубства, непрабіўная цэнзура ў прэсе і літаратуры, масавыя даносы і здрадніцтва «у імя Польскай Народнай Рэспублікі»...

Шмат што з п’есы паляка Томчыка да болю знаёмае беларусам. Чаго, напрыклад, каштуюць гэтыя радкі для людзей, якія прайшлі за свае палітычныя погляды турмы ці ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту ў Беларусі: «Катаванні ў падвалах спецслужбаў былі яшчэ больш дасканалымі за Гестапа. Я ведаю, што кажу – я знаёмы з людзьмі, якія праводзілі працэдуры і тут, і там. А АМАП? Хлапцы з АМАПу адчувалі сябе паўнавартаснымі толькі калі ім у твар крычалі: Гестапа! Гестапа!»...

А гэтыя словы польскага палкоўніка, якія накіраваныя да сваіх суайчыннікаў, цалкам можна аднесці да высокапастаўленых беларусаў, якія пакрываюць фальсіфікацыі выбараў, аддаюць злачынныя загады разганяць мірныя дэманстрацыі, фабрыкуюць крымінальныя справы супраць апазіцыянераў: «Гэта было вялікае зло. Гэта было самазабойства. У 1980-м людзі выпрасталіся, узнялі галовы, сталі жыць па-чалавечы. А мы ім перабілі гэтыя выпрастаныя спіны. Самі сябе іх перабілі... Зблыталіся паняцці, мы навучыліся на саміх сябе пляваць, саміх сябе ненавідзець. Самі на сябе глядзім, як на гістарычных няўдачнікаў».

І героі, і здраднікі, і крывадушнікі сённяшняй Беларусі – могуць пазнаць сябе ў п’есе Войцэха Томчыка:

«У Польшчы заўсёды ёсць нейкае падполле – апошнія гадоў дзвесце, прынамсі. А тады ў кожнай прыстойнай школе ці прыходзе з'яўляліся якія-небудзь групы супраціву. Мянушкі, прысягі, канспірацыя, самвыд, надпісы на сценах...»

А гэта пра правакатара з дзяржСМІ: «Цынічны сталінскі падхалім. Бо ён, ведаеце, мой аднагодак. Усе былі занадта маладыя, каб падыхаць у лесе, але занадта старыя, каб верыць у Сталіна-Ясна-Сонейка».

«Нюрнберг» - п'еса пра тое, што нельга забываць пра здзейсненыя дыктатарскімі рэжымамі злачынствы: «Гэта ідыятызм, называць забойства людзей «памылкамі і пралікамі»….».

У інтэрв'ю Charter97.org аўтар п'есы Войцэх Томчык кажа, што вырашыў напісаць «Нюрнберг», таму што «не мог вытрымаць хлусні».

«Я быў абураны той сітуацыяй, якая існавала ў Польшчы некалькі гадоў таму, калі на тэлебачанні, радыё, у газетах сталі з'яўляцца былыя камуністычныя функцыянеры, афіцэры спецслужбаў, якія сталі распавядаць, якім было «цудоўнае» жыццё пры ПНР. Нават такія асобы як Ярузэльскі дагэтуль з'яўляюцца медыйнымі асобамі, часта выступаюць у СМІ, распавядаючы, што жыццё пры камуністычным рэжыме было не такое дрэннае. Я не мог вытрымаць гэтай хлусні. Агідна, што злачынствы камунізму дагэтуль не былі асуджаны належным чынам. Сёння ў Еўропе фашызм параўноўваюць з камунізмам, і шматлікія апалагеты камунізму кажуць, што нельга гэтыя рэчы параўноўваць, таму што камуністычны рэжым не быў такім жорсткім і быў больш людскім. Але гэта хлусня. Знішчаны мільёны чалавек, а мы хочам пра гэта забыць! Але каб на штосьці забыцца, трэба гэта добра ведаць. І галоўнае – называць рэчы сваімі імёнамі. Злачынствы – злачынствамі, смерць – смерцю», - кажа драматург.

На пытанне, як была напісана п'еса, Томчык адказвае: «Камуністы сапсавалі лепшыя гады майго жыцця. У Польшчы мяне ўвесь час пытаюць: «Колькі часу ты сядзеў у архіве?» Ніводнай хвіліны! Усе гэтыя гісторыі я ведаю ад маёй сям'і, сяброў, знаёмых. Ад людзей, якія перажылі ўсё гэта. Гэта гісторыі, якія я чую дагэтуль».

У Беларусі п'еса «Нюрнберг» была ўганаравана адмысловым прызам журы «Выказванне» IV Міжнароднага конкурсу сучаснай драматургіі «Свабодны тэатр».

«Мне зразумела, чаму ў Беларусі так успрынялі маю п'есу, чаму яна такая блізкая беларусам. Тут «Нюрнберг» гучыць інакш, чым у Польшчы ці Эстоніі. Сістэма, якая існавала ў Польшчы 20 гадоў таму, у Беларусі існуе дагэтуль. Праблемы асуджэння гэтых злачынстваў вас яшчэ чакаюць. Але людзі будуць адзін аднаму распавядаць пра перажытае, і памяць пра гэтыя злачынствы захаваецца. Аднойчы які-небудзь вельмі ўсхваляваны пісьменнік напіша пра гэта для Беларусі. І Беларусь, якая ідзе да свабоды, не павінна паўтараць памылак, якія былі зроблены ў Польшчы», -- упэўнены Войцэх Томчык.

П'есу «Нюрнберг» можна прачытаць ТУТ.

Мікалай Халезін уручае прэмію «Свабоднага тэатра» Войцэху Томчыку

А гэта падарунак «Свабоднага тэатра» Амбасадару Польшчы Генрыху Літвіну

Аўтар «Нюрнберга» Войцэх Томчык і Мікалай Халезін

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках