25 снежня 2024, Серада, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы будзем крычаць вам навіны - пачуйце нас!

53
Мы будзем крычаць вам навіны - пачуйце нас!

Прэстыжная ўзнагарода Міжнароднага фонду жанчынаў у СМІ у намінацыі «За мужнасць у журналістыцы» уручаная 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку вядомай беларускай журналістцы Ірыне Халіп.

Беларуская журналістка уганараваная гэтай узнагародай разам з радыёрэпарцёркай з Камеруна Агнес Тае і журналісткай з Ірана Джыле Бан'ягуб. Прэмію ў намінацыі «За дасягненні на працягу ўсёй кар'еры» атрымала таксама журналістка з Ізраілю Аміра Хас.

Цырымонія ўзнагароджання прэміяй складаецца з двух этапаў – першы прайшоў 20 кастрычніка ў Нью-Ёрку, другі адбудзецца 28 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе. Нью-ёркская цырымонія прайшла ў знакамітым гатэлі Waldorf Astoria, дзе сабраліся вядомыя амерыканскія журналісты, карэспандэнты тэлекампаніяў ABC, NBC, CNN, CBS, вядучых амерыканскіх газетаў і агенцтваў, а таксама прадстаўнікі фінансавых колаў – усяго 700 чалавек. Цырымонію вяла адна з самых вядомых амерыканскіх тэлевядучых Джудзі Вудраф, а Ірыну Халіп падчас узнагароджання прадстаўляў вядучы канала NBC Дэвід Грэгары, які адразу ж прызнаўся, што ў яго самога продкі родам з Беларусі.

Уручаючы прэмію беларускай журналістцы, вядучыя цырымоніі адзначылі, што, на жаль, сёння ў ЗША надаецца не так шмат увагі сітуацыі ў Беларусі, хоць праблемы нашай краіны неабходна асвятляць значна больш сур'ёзна. «Прыклад беларускіх незалежных журналістаў нас натхняе. Беларусь павінна быць свабоднай, а для гэтага нельга абыйсціся без свабоды слова», - сказала Джудзі Вудраф.

Ірына Халіп выступіла на цырымоніі ў Нью-Ёрку з прамовай, тэкст якой мы падаем цалкам:

Шаноўнае спадарства! Дарагія сябры!

Дзякуй вам за гэтую ганаровую ўзнагароду і за магчымасць звярнуцца да вас з гэтай сцэны ў такі важны для мяне момант.

Я дагэтуль не магу зразумець, як гэта ўсё здарылася. Не было ваеннага путчу, не было хунты, не было раптоўнага перавароту, за якім заўсёды ідзе дыктатура. Была проста Беларусь - маладая краіна ў цэнтры Еўропы, якая толькі пачала ўсведамляць сябе пасля Савецкага Саюза. Былі надзеі на шчасце, поспех, творчасць і гонар за сваю краіну. Для мяне, якая вырасла ў СССР, пачуццё свабоды стала шчаслівым адкрыццём. Было велізарнае жаданне працаваць у гэтай новай свабоднай краіне.

Я не магу ўзгадаць, калі гэта пачалося. Можа быць, у той дзень, калі маёй газеце забаранілі друкавацца ў Беларусі, і мы вазілі тыражы з суседняй Літвы? Ці калі маіх калегаў пачалі арыштоўваць за іх прафесійную дзейнасць? Ці калі ў першы раз улада сфальсіфікавала вынікі выбараў? Ці калі пасля выхаду чарговага артыкула да мяне прышлі з ператрусам? Ці калі мае сябры, апаненты ўлады, сталі знікаць без вестак? Калі майго бацьку міліцыя збівала на маіх вачах? Калі мяне збівалі на вачах майго бацькі? Калі арыштоўвалі майго мужа? А можа, калі рэжым зачыніў першую газету, у якой я працавала? Ці другую? Ці трэцюю?

Неістотна, калі гэта пачалося. Важна іншае: Беларусь ператварылася ў глухую дыктатуру, якая па іроніі лёсу ўтульна уладкавалася ў цэнтры Еўропы, адкуль, здавалася б, ёсць толькі адзін шлях – у сусветную супольнасць, у Еўрапейскі звяз, у НАТА. А ў дыктатарскіх дзяржавах журналістаў не любяць. Іх ці знішчаюць, ці ўцягваюць у прапаганду, якая замяняе дыктатару журналістыку.

Усе газеты, у якіх я працавала, зачыненыя рэжымам. Расейская «Новая газета», для якой я пішу зараз, забароненая ў Беларусі, хаця яшчэ некалькі гадоў таму на яе можна было падпісацца. Дзесяткі маіх калегаў адседзелі ў турме – спецыяльна для нас, журналістаў, у крымінальны кодэкс дадалі артыкулы «паклёп у дачыненні да прэзідэнта» і «абраза прэзідэнта». Сотні маіх калегаў пазбавіліся працы, таму што рэжым Лукашэнкі знішчыў незалежную прэсу. Усялякая дыктатура баіцца адкрытых дэбатаў, таму што разумее, што асуджаная на пройгрыш. І таму выкарыстоўвае самы прымітыўны спосаб гэтых дэбатаў пазбегнуць: трэба проста зачыніць газеты і запалохаць журналістаў. Шмат якія мае калегі пасля закрыцця газетаў сышлі працаваць у прапаганду, не вытрымаўшы працяглай бітвы за свабоду слова. Шмат хто эміграваў, не жадаючы марнаваць сваё жыццё на барацьбу з дыктатурай, якая, як ім здаецца, можа стацца вечнай. Я не магу іх асуджаць.

Мяне арыштоўвалі чатыры разы. Супраць мяне тройчы ўзбуджалі крымінальныя справы. Тры газеты, дзе я працавала, былі зачыненыя. Мне пагражалі шмат разоў. Але гэта ўсяго толькі лічбы. Кароткі радок у біяграфіі. І не гэта вызначыла мой выбар. Дакладней, у мяне наогул не было выбару. У выніку, я жыву ў краіне, дзе свабода выбару даўно памерла разам з грамадзянскімі правамі і свабодамі.

Я проста хачу, каб пра беззаконне, пра парушэнне правоў чалавека, пра выкраданні і забойствы палітыкаў, пра збіццё журналістаў ведалі.

Я не магу кінуць сваіх сяброў, якія сядзяць у турмах, сваіх сябровак, чые мужы былі забітыя, сваіх калегаў, якіх застаецца ўсё менш.

Я хачу, каб мой двухгадовы сын, які яшчэ не разумее, што адбываецца, не баяўся за мяне, як баяцца ўсе астатнія сваякі.

Я хачу, каб пра тое, што адбываецца ў Беларусі, ведалі. Тым больш зараз, калі на сусветную сцэну выйшла нешта не менш небяспечнае, чым дыктатура: я маю на ўвазе «realpolitik». Новы трэнд у сусветнай палітыцы, які знішчае ўсе доўгія гады нашай працы і нашых пакутаў, паколькі прагматычныя палітыкі вырашаюць, што прасцей прызнаць дыктатарскія рэжымы і супрацоўнічаць з імі, чым марнаваць сілы на барацьбу. І тады надыходзіць момант, як зараз, калі пачвары кшталту Лукашэнкі і Ахмадзінежада становяцца персанажамі свецкай хронікі. Іх запрашаюць на саміты, на якіх ніхто не можа падаць ім руку, затое потым мы можам чытаць пра іх нарысы. А пра тое, што адбываецца ў нашых краінах, - усё менш.

Але мы, журналісты тых краінаў, якія на сусветных картах пазначаныя чорным колерам, працягваем пісаць і казаць пра тое, што адбываецца ў нашых дзяржавах. Калі не застанецца і гэтай магчымасці, мы будзем крычаць вам навіны. Калі ласка, пачуйце нас.

Ірына Халіп і Дэвід Грэгары

З радыёрэпарцёрам з Камеруна Агнэс Тайе і журналісткай з Ізраіля Амірай Хас

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках