1 лiстапада 2024, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнікаў страйка ў Слоніме падманулі

2

Тыдзень таму адбыўся страйк працаўнікоў швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў у Слоніме, пасля якога працаўнікам абяцалі падвысіць заробкі і палепшыць умовы працы. Але за гэты час на фабрыцы нічога не зьмянілася.

Дырэктар прадпрыемства Уладзімер Іванашка кажа, што адміністрацыя спрабуе рэарганізаваць вытворчасьць, перадае “Радыё Свабода”.

“Коўдравы ўчастак здаем у арэнду й пераносім яго ў іншы будынак на Менскі тракт. Яшчэ адзін цэх, паколькі ён не працуе, таксама здаем у арэнду й пераводзім людзей у швейны. За кошт гэтага скарачаем структуру кіраваньня. Эканомім сродкі на ўнутраных перамяшчэньнях, паколькі цяпер усё будзе знаходзіцца ў адным месцы. Ліквідуем адну прахадную. На ўсе гэтыя мерапрыемствы спатрэбіцца паўгода”, - кажа Уладзімер Іванашка.

Ён сьцьвярджае, што працаўнікам плянуецца павялічыць надбаўку па кантракце ў адпаведнасьці з дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі.

“Гэта будуць дадатковыя страты для прадпрыемства, але ўлічваючы тое становішча, якое склалася на фабрыцы, напэўна, пойдзем на гэты крок”, - кажа дырэктар.

Высьвятляецца, з словаў самога ж спадара Іванашкі, што заробак швеяў, які зараз у сярэднім складае 170—200 тысяч рублёў, падымецца толькі на… 80 тысяч.

На ягоную думку, швачкам трэба падвышаць сваю кваліфікацыю, а то, маўляў, маладыя работніцы своечасова не выконваюць заказ, а тым самым стрымліваюць паток і атрымліваюць малы заробак. Тым часам дасьведчаным работніцы ў месяц зарабляюць, з слоў дырэктара, 450—500 тысяч.

Аднак зь ім не паджаецца спадарыня Тацяна, якая адпрацавала на фабрыцы 10 гадоў.

“Я атрымала 185 тысяч, так мне налічылі, а я працавала цэлы месяц, прычым брала заказы, каб дарабіць. Дык 185 тысяч — гэта налічылі, а вылічылі падаходныя, за інтэрнат, і ў выніку я атрымала 126 тысяч на рукі”, - распавядае працаўнічка.

Заўтра павінен адбыцца сход, на якім дырэктар давядзе калектыву свае пляны рэарганізацыі вытворчасьці. Зь ягоных слоў, найменш кваліфікаваным работнікам будзе прапанавана перайсьці на працу ў пашывачны цэх, які будзе здавацца ў арэнду іншаму прадпрыемству.

З словаў спадара Іванашкі, праблемы на фабрыцы пачаліся з таго часу, калі на яе перасталі трапляць заказы ад заходніх фірмаў, якія зараз карыстаюцца паслугамі кітайскіх швачак.

Што тычыцца работніц фабрыкі, то яны пакуль ня вызначыліся са сваімі далейшымі дзеяньнямі.

Нагадаем, што ў мінулы чацьвер каля 60 чалавек з швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак і палепшыць умовы працы. У той сама дзень на фабрыцы адбыўся сход з удзелам старшыні райвыканкаму спадара Касьцюка, спэцыялістаў й адміністрацыі фабрыкі. Працаўнікам паабяцалі выправіць сытуацыю і праз тыдзень на наступным сходзе іх праінфармаваць пра тое, што зроблена.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках