У Варшаве адбыўся 32-гі фінал Алімпіяды па беларускай мове для вучняў сярэдніх школ
1- 18.04.2026, 11:42
Пры падтрымцы Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы.
У Варшаве адбыўся 32-гі фінал Алімпіяды па беларускай мове для вучняў сярэдніх школ. Алімпіяду арганізавала Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту пры падтрымцы Міністэрства нацыянальнай адукацыі, перадае «Польскае Радыё».
Алімпіяда па беларускай мове — гэта сапраўдная традыцыя ў Польшчы, кафедра адчувае сваю адказнасць за яе правядзенне, сказала ад'юнкт кафедры і каардынатарка Алімпіяды Вольга Трацяк.
— 32 гады — гэта вялікая адказнасць і традыцыя. Ёсць пачуццё таго, што мы робім для падтрымкі беларускасці ў Польшчы для беларускай меншасці ў Польшчы, але і для беларусаў з Беларусі — гэта таксама важная справа.
Віншаванні пераможцам таксама даслала міністр адукацыі Польшчы Барбара Навацка, яе ліст прачытаў намеснік дырэктара дэпартаменту развіцця ды інавацыі Міністэрства адукацыі Польшчы.
— Падтрымка Алімпіяды па беларускай мове — вялікі гонар для мяне. Я шчыра віншую маладых людзей, якія вырашылі праверыць свае здольнасці ў сёлетняй алімпіядзе. Паважаныя лаўрэаты, прызёры, фіналісты, — такія людзі, як вы, якія вылучаюцца сваёй цікаўнасцю, запалам і ініцыятыўнасцю, зʼяўляюцца для мяне асаблівай крыніцай гонару як для міністра адукацыі.
Пераможцамі сталі 12 чалавек са школ у Беластоку, Гайнаўцы ды Бельска Падляшскага. Гонар было ўдзельнічаць у Алімпіядзе, зазначыла адна з дзвюх пераможцаў Сафія Самкова.
— Для мяне гэта была навука пра сваю культуру і мову, каб паглыбляць веды і знаходзіць людзей для якіх важная беларуская культура, каб падтрымліваць у сабе любоў да роднага.
Алімпіяда па беларускай мове праводзіцца з 1994-га году з мэтай распаўсюджвання ведаў у галіне беларускай літаратуры, мовы, культуры, фальклору і грамадазнаўства, а таксама вывучэння і даследавання польска-беларускіх літаратурных, лінгвістычных і культурных сувязяў.