24 февраля 2024, суббота, 15:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Тадэвуш Кандрусевіч: Адбываецца знявага Крыжа

5
Тадэвуш Кандрусевіч: Адбываецца знявага Крыжа
Тадэвуш Кандрусевіч
Фота: tut.by

Знішчэння курапацкіх крыжоў выклікала розгалас у Беларусі і за яе межамі.

Сваё абурэнне гэтым перадусім выказваюць прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч лічыць гэта знявагай крыжа, пра якую нельга маўчаць. Ён быў госцем «Радыё Рацыя».

- Ваша эксцэленцыя, першае пытанне звязана з набалелай праблемай – Курапаты.

- Я зараз знаходжуся ў Беластоку пасля цяжкай аперацыі, на лячэнні. Аднак, вядома, сачу за падзеямі. Я моцна ўзрушаны, што здымаюць Крыжы. Напэўна ёсць шмат апанентаў, асвечаныя яны ці не асвечаныя. Не ў гэтым справа. Крыж застаецца Крыжом, нават, калі яго намаляваць на сцяне. Тым больш у такім месцы, дзе так шмат людзей загінула. І тым больш, што гэта адбылося падчас Посту. Я паважаю Праваслаўную царкву. У іх таксама Тыдзень праслаўлення Крыжа. Напэўна, там трэба рабіць парадак.

Гэта трэба было зрабіць даўным-даўно, але ёсць як ёсць. Магчыма трэба было гэтыя крыжы часова зняць, каб пасля іх паставіць. Мы таксама так робім, але перад гэтым кажам людзям, што так будзе. І тут трэба было, і я ўпэўнены ў гэтым, заклікаць прадстаўнікоў усіх канфесій, не будзем глядзець – католік, праваслаўны, габрэй, веруючы, няверуючы, каб не было гэтага сацыяльнага выбуху. Ён адбыўся. А трэба было растлумачыць людзям. І вядома, я не мог маўчаць, бо знявага Крыжа адбываецца. Тым больш у такім месцы і ў такі час! Я не ведаю, хто такія каманды дае. Гэта час Вялікага Посту. У галаве проста не ўкладваецца. Усё гэта можна было зрабіць цывілізавана. Не ведаю, калі вярнуся, магчыма нейкія размовы будуць з уладамі. Гэтая праблема не патрэбна ні нашай дзяржаве, ні нашаму грамадству, ні нашаму касцёлу і царкве.

- Вы родам з памежнага рэгіёну, дзе Беласточчына і Гарадзеншчына была адной прасторай. Крыжы ў гэтым краявідзе існавалі стагоддзямі. Ці ва ўспамінах з дзяцінства, з расказаў бацькоў, дзядоў, хтосьці знішчаў крыжы?

- Я нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Гарадзенскага раёна, там жылі каталікі, там такога не было. Аднак, дзесьці Крыж стаяў у полі ці дзе, можа іх было няшмат, але такія выпадкі былі. Але ў той самы час Вітальдава Фара разбураная ў Гародні. Я вучыўся ў 10 класе, жыў, як кажуць, за Нёманам, у Гародні. Быцькі ўжо пераехалі з Гародню. У Францішканскай парафіі. і мне ў школу трэба было праязджаць праз Савецкую плошчу. Усе мы ведалі, што гэты касцёл хочуць разбурыць. Да сённяшняга дня ўва мне гучыць голас чалавека. Аўтобус стаў на Савецкай плошчы, быў лістапад, цёмна яшчэ было, і ён сказаў: „Всё, костела нет”. толькі ўбачыў сівы пыл на асфальце. Гэта таксама знішчэнне Крыжа.

- У Адэльску касцёл працаваў увесь час?

- Увесь час быў адчынены, хаця ксяндза доўгі час не было. Але Крыжы ламалі ў многіх месцах. Паедзеце ў горад Свір, напрыклад, там каля касцёла стаіць Крыж – ён такі выгнуты. Калі нам аддалі гэты касцёл на пачатку 90-х гадоў, пачаўся рамонт касцёла, нехта з вернікаў сказаў, што тут закапаны Крыж. Адкапалі гэты Крыж, які скінулі зверху, ён упаў, скруціўся. Ксёндз сказаў: „Зробім новы, а гэты пакінем тут, каб людзі бачылі, што людзі таксама зрабілі. Паднялі руку супраць Крыжа. Ён скручаны, аднак ён уверх паказвае”.

Гэтыя Крыжы, якія знялі ў Курапатах, яны таксама паказваюць уверх. На Крыж трэба глядзець, як на знак збаўлення, знак надзеі. Мы ведаем з чаго складаецца Крыж – з двух частак. Адна частка вертыкальная, другая частка гарызантальная. Гарызантальная прадстаўляе чалавека – грэшнага чалавека. Калі няма вертыкальнай, то закон Ньютана дзейнічае паўсюль – падае ўніз. Падае ў гэта балота граху і застанецца там, таму патрэбная гэтая вертыкальная. Гэты Крыж прыпамінае кожнаму чалавеку, што штосьці ёсць. Чаго ж баяцца Крыжа? Я не ведаю.

Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знішчана і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

7 красавіка а 12.00 на плошчы Свабоды ля Менскага Свята-Духавага Кафедральнага (праваслаўнага) Сабору прайшоў малебен.

У набажэнстве ўзялі ўдзел больш за 1000 чалавек.

Написать комментарий 5

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях