9 сакавiка 2026, панядзелак, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы лідар Ірана валодае элітнай нерухомасцю ў Еўропе

4
Новы лідар Ірана валодае элітнай нерухомасцю ў Еўропе

Расследаванне.

Новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі кантралюе шырокую сетку замежных актываў, уключаючы элітную нерухомасць у Еўропе і Вялікабрытаніі. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Bloomberg, якое агенцтва апублікавала 26 студзеня і абнавіла 9 сакавіка ў сувязі з абраннем Хаменеі.

Паводле крыніц і дакументаў, 56-гадовы сын папярэдняга вярхоўнага аяталы Алі Хаменеі звязаны з інвестыцыйнай сеткай вартасцю сотні мільёнаў долараў. У яе ўваходзяць, у прыватнасці, нерухомасць на вуліцы Бішопс-авеню ў Лондане — так званай вуліцы мільярдэраў, а таксама гатэлі і іншыя аб’екты нерухомасці ў Еўропе і на Блізкім Усходзе.

Паводле выдання Daily Mail, з вокнаў лонданскіх кватэр на шостым і сёмым паверхах будынка на Palace Green коштам больш за £50 млн, звязаных з Хаменеі, адкрываецца прамы від на тэрыторыю пасольства Ізраіля. Эксперты па бяспецы лічаць, што такая блізкасць — менш за 50 м — тэарэтычна магла б дазволіць весці назіранне за супрацоўнікамі і наведвальнікамі дыпмісіі.

Дзве кватэры побач з пасольствам і яшчэ 11 кватэр на Бішопс-авеню ў Лондане ў сукупнасці ацэньваюцца прыблізна ў £200 млн.

Журналісты Bloomberg устанавілі, што актывы аформлены не наўпрост на Хаменеі, а на бізнесмена Алі Ансарі і шэраг афшорных кампаній, зарэгістраваных у розных юрысдыкцыях. Сярод іх — структуры на востраве Мэн і ў краінах Персідскага заліва.

Паводле крыніц, сродкі для інвестыцый паступалі ў тым ліку ад аперацый, звязаных з продажам іранскай нафты праз складаную сетку пасярэднікаў і кампаній. Гэта дазваляла выводзіць капітал за мяжу, нягледзячы на санкцыі, уведзеныя ЗША супраць Хаменеі ў 2019 годзе.

Актывы ўключаюць элітныя дамы ў прэстыжных раёнах Лондана, вілу ў адным з элітных раёнаў Дубая, а таксама пяцізоркавыя гатэлі ў Франкфурце і на іспанскім востраве Маёрка. Частка аб’ектаў, паводле расследавання, ужо трапіла пад абмежаванні пасля ўвядзення санкцый супраць Ансарі.

Эксперты адзначаюць, што сетка актываў дэманструе, як прадстаўнікі іранскай эліты здолелі вывесці значныя сродкі за мяжу, нягледзячы на адну з самых жорсткіх санкцыйных сістэм у свеце. Пры гэтым афіцыйная прапаганда ў Іране традыцыйна прадстаўляе кіраўніцтва краіны як тых, хто вядзе аскетычны і сціплы лад жыцця.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках