У Санкт-Пецярбургу следам за Масквой адключылі інтэрнэт
8- 9.03.2026, 12:44
- 5,590
Не працуюць мэсэнджары, не адкрываюцца сайты і банкаўскія прыкладанні.
Санкт-Пецярбург следам за Масквой сутыкнуўся з адключэннямі мабільнага інтэрнэту. Блакіроўкі пачаліся пасля 6 раніцы 9 сакавіка, вынікае з даных Downdetector. Усяго паступіла амаль 2500 скаргаў. Жыхары пішуць, што ў іх не працуюць мэсэнджары, не адкрываюцца сайты і банкаўскія прыкладанні. Доступ ёсць толькі да «белых спісаў», піша The Moscow Times.
Адключэнні супалі па часе з паведамленнем губернатара Ленінградскай вобласці Аляксандра Драздзенкі аб небяспецы беспілотнікаў і магчымым «паніжэнні хуткасці мабільнага інтэрнэту». На збоі паскардзіліся больш за 500 жыхароў рэгіёна. Пасля дзесятай гадзіны Драздзенка паведаміў пра зняцце пагрозы і адзін збіты дрон. Улады самога Пецярбурга пра абмежаванні мабільнага інтэрнэту і прылёты не паведамлялі.
У Маскве мабільны інтэрнэт адключаюць ужо пяты дзень. Сэрвіс дагэтуль фіксуе скаргі. Пры гэтым сайты з «белага спісу», у тым ліку «Госуслуги», сацсеткі «ВКонтакте» і «Аднакласнікі», сэрвісы «Яндэкса», маркетплэйсы і рэсурсы дзяржорганаў, працягваюць працаваць.
Напярэдадні аператары «Білайн», «МегаФон» і T2 заявілі, што збоі выкліканыя «вонкавымі абмежаваннямі», да якіх яны дачынення не маюць. Крыніцы «Коммерсанта» на тэлекам-рынку паведамілі, што аператарам паступіла распараджэнне абмежаваць мабільны інтэрнэт у асобных раёнах сталіцы.