У Кіеве завяршыў працу беларускі «пункт нязломнасці»
4- 9.03.2026, 11:58
- 1,926
За паўтара месяца валанцёры дапамаглі сотням жыхароў сталіцы Украіны.
У ўкраінскім Кіеве ўжо пэўны час трымаецца стабільны «плюс», улады змаглі аднавіць цеплазабеспячэнне ў большасці кватэр і будынкаў пасля атак на інфраструктуру. Таксама наладзіліся графікі адключэння святла. У гэтых умовах, адзначыўшы 8 Сакавіка і ўладкаваўшы развітальную сустрэчу, закрыўся беларускі «пункт нязломнасці». Яго арганізатарка Алена Жаркевіч распавяла «Белсату» пра вынікі працы.
«Як жа мы без вас?!»
Намет валанцёраў стаяў у адным з найбольш пацярпелых пасля моцных атак Расіі на інфраструктуру раёне — Дарніцкім. У будынках побач доўгі час не было цяпла, з-за наступстваў «прылёту» ў некаторых тэмпература ў кватэрах, бывала, апускалася да +8 і нават ніжэй, да +2 градусаў.
За паўтара месяца беларускі пункт нязломнасці наведалі каля тысячы чалавек, распавяла «Белсату» прадстаўніца валанцёрскага хаба «Сустрэча» Алена Жаркевіч. У першыя дні, калі многія будынкі ў Кіеве засталіся без цяпла і святла, і пэўны час пасля гэтага, у намёт прыходзіла каля 150 чалавек на дзень.
«Мы раздавалі грэлкі, пледы. Выдавалі фруктовыя наборы для сем’яў перасяленцаў, куплялі лекі ад прастуды, вітаміны. Ладзілі святы для дзяцей, частавалі прысмакамі і перадавалі цацкі. Збіралі для вайскоўцаў на фронт таксама пледы, грэлкі, сухпайкі — мясцовыя жанчыны вязалі і клалі ў нашы пасылкі шкарпэткі для іх. А яшчэ спачатку кармілі сантэхнікаў, супрацоўнікаў іншых службаў, якія тут аднаўлялі камунікацыі ў будынках. Беспрытульныя нас не абыходзілі — яны да нас нават па начах прыходзілі паесці. Ну, а чай-кава, псіхалагічная падтрымка ў нас тут была пастаянна», — адзначыла Алена.

На апошні дзень працы намёту беларусы абвясцілі развітальнае мерапрыемства і разам з добраахвотнікамі гатавалі для мясцовых дранікі і плоў.
«Прыходзілі людзі з суседніх дамоў, прыязджалі з іншых месцаў раёна. Ведаеце, я нават плакала. Прыходзілі нашы бабулі, кажуць: «Вы ж да нас прыязджайце! Як жа мы без вас?!»
І справа не ў тым, што намёту не будзе, — яны прывыклі, што тут ёсць мы. Бо большасць з іх засталіся самі: дзеці або з’ехалі за мяжу, або на фронце, або загінулі. Карацей, бабулі плакалі, і я з імі, бо ўсё, скончылася наша маленькая прыгода», — падзялілася Жаркевіч.
«Намет аб’яднаў беларусаў розных палітычных поглядаў»
Яна адзначыла, што праца гэтага выключнага для Кіева пункта нязломнасці стала магчымай дзякуючы падтрымцы беларусаў з дыяспар, ініцыятываў і нават палітычных рухаў.
«Мы ўсё змаглі самі, без грантаў, фондаў. У нас нічога не было — усё зрабілі нам самі беларусы, — адзначае жанчына. — Я нават баюся пералічыць, колькі грошай мы патрацілі, бо толькі генератар на дзень — 4 000 грн (каля 267 бел. рублёў).»

Асобна валанцёрка адзначыла беларускіх добраахвотнікаў, якія таксама імкнуліся дапамагчы або паваланцёрваць на месцы.
«Да нас прыязджалі розныя брыгады — ад усім вядомага палка Каліноўскага да хлопцаў, якія асобна дзесьці ваяваюць ва ўкраінскіх падраздзяленнях. Прывозілі то грэлкі — прычым мы ім збіраем, а яны нам вязуць. Сала перадавалі з фронту!» — успамінае Алена.
Я вельмі здзіўленая і не чакала такога. І мы кажам: беларусаў трэба аб’ядноўваць. Не. Калі ў беларусаў ёсць пэўная ідэя, яны збіраюцца самі, знаходзяць шляхі для гэтага. Кажу — і ў мяне дрыжыкі па скуры. І хацела б, каб людзі адчулі, што мы разам з украінцамі ім вельмі ўдзячныя за гэта», — сказала Алена Жаркевіч.
«Мы змаглі многа распавесці, хто такія беларусы, і што мы на баку Украіны»
Па ўсім намёце беларусаў побач з украінскімі віселі бела-чырвона-белыя сцягі, некаторыя падраздзяленні перадавалі сюды свае. І Алена кажа, што тэма Беларусі, яе лёсу рэгулярна падымалася ў размовах з мясцовымі.
«Мы амаль усе беларускамоўныя, кожны дзень людзі казалі, наколькі падобныя мовы. Было і пра «як у Беларусі цудоўна жывецца» і, безумоўна, пра ракеты, войскі, якія ляцелі і ішлі з нашай тэрыторыі. Некаторыя нам нават спрабавалі распавесці, што заходзілі менавіта беларускія вайскоўцы. Гэтыя размовы заканчваліся тым, што беларусы ваяваць не хочуць, не ўдзельнічаюць у гэтай вайне, і беларуская нацыя — гэта не рэжым Лукашэнкі. Мы распавядалі, што краіна цяпер пад велізарным расійскім уплывам і людзі не могуць адмовіцца ад расійскай прадукцыі. Што амаль не засталося мовы — нават калі тут мы святкавалі Дзень беларускай мовы, у нас дома затрымлівалі выдаўцоў беларускамоўных кніг.

І нават сёння мы ўспаміналі Лукашэнку, бо ён загадаў замяніць амерыкана на «беларускую каву». Украінцы былі ў шоку! Яны думалі, што гэта жарт».
Наймацнейшае ўражанне на ўкраінцаў зрабіла тое, што большасць беларусаў, якія валанцёрылі ў намёце, «адседзелі», — кажа Алена.
«І яны бачылі, што мы не «крымінальнікі», а адэкватныя людзі. Не разумелі, як такое магчыма, і пыталі: як гэта вы сядзелі ў турме? Ну, вось я сядзела за тое, што гарбатай частавала людзей, у двары збірала. Прыходзіў былы палітвязень Аляксей Капліч, яму кажуць: ты самы малады, напэўна, дакладна не сядзеў. А ён ім: я сядзеў 9 месяцаў за тое, што хацеў ехаць ваяваць. Іра Шчасная — чатыры гады за працу рэдактаркай тэлеграм-канала.
І пра гэта немагчыма было не гаварыць, бо людзі пыталіся, а чаму мы тут, чаму не едзем дадому. Вядома, украінцы былі шакаваныя, яны нават не ўяўлялі, наколькі ўсё цяжка ў Беларусі.
Таму, мне здаецца, акрамя таго, што змаглі сагрэць людзей, дапамагчы са святлом, мы змаглі многа распавесці, хто такія беларусы, дастукацца нават да тых, хто верыў у «гаспадарлівага» і добрага Лукашэнку. І данесці, што мы супраць вайны, на баку Украіны».
Жаркевіч адзначыла, што плануе падтрымліваць сувязь з мясцовымі жыхарамі і прыязджаць у госці. Валанцёры паабяцалі прывезці новым сябрам беларускую акрошку.
«А на Вялікдзень прыедзем сюды і будзем разам з дзеткамі размалёўваць лялек для нашых беларускіх добраахвотнікаў».