Трамп: Расія была б зламаная
19- 9.03.2026, 13:36
- 28,274
Прэзідэнт ЗША пракаментаваў інфармацыю аб падтрымцы Ірана Масквой.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не мае звестак пра перадачу Расіяй разведданых Ірану для нанесення ўдараў па амерыканскіх ваенных аб'ектах. Пра гэта ён расказаў журналістам па дарозе ў Фларыду пасля цырымоніі рэпатрыяцыі целаў шасцярых амерыканскіх ваеннаслужачых, якія былі забітыя ў выніку іранскага ўдару па Кувейце, піша RTVI.
Дональд Трамп заявіў, што нават калі супрацоўніцтва ваенных разведак Ірана і Расіі мае месца, то «у іх не вельмі добра атрымліваецца».
«У мяне няма такой інфармацыі (аб перадачы Масквой звестак Ірану для паветраных удараў на Блізкім Усходзе. — Заўв. рэд.). Калі гэта так, то ў іх не вельмі добра атрымліваецца, у Ірана справы ідуць дрэнна», — заявіў Трамп.
Прэзідэнт ЗША таксама даў магчымасць выказацца свайму спецпасланніку і перамоўніку з Масквой Стыву Уіткафу. Той заявіў, што «цвёрда запатрабаваў» ад Масквы не аказваць падтрымку Тэгерану. Уіткаф не ўдакладніў, па якіх каналах і на якім узроўні было перададзена гэта паведамленне.
«Спадзяюся, яны гэтым не займаюцца», — заявіў Уіткаф.
Пасля гэтага Трамп дадаў, што ў выпадку перадачы такой інфармацыі Расіяй можна сказаць, што краіна выступае ў іранскім канфлікце супраць ЗША, але не ўдакладніў, якімі могуць быць наступствы.
«Яны могуць адпраўляць колькі заўгодна інфармацыі, аднак людзі, якім яны яе накіроўваюць, зламаныя. Расія таксама была б зламаная, любы на гэтым месцы быў бы зламаным», — заявіў Трамп пра ход амерыканскай аперацыі.