Трамп абвясціў пра стварэнне вайсковай кааліцыі супраць наркакартэляў
4- 7.03.2026, 20:31
- 2,214
Да альянсу ўжо далучыліся 17 краін.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра стварэнне новай вайсковай кааліцыі для «выкаранення картэляў» у Заходнім паўшар’і. Паводле яго слоў, да альянсу ўжо далучыліся 17 краін, паведамляе «Радыё Свабода».
Заява прагучала падчас саміту «Шчыт Амерык», які Трамп 7 сакавіка праводзіць у Маямі з лідарамі шэрагу краін Лацінскай Амерыкі — Аргенціны, Парагвая, Балівіі, Сальвадора, Эквадора, Гандураса, Перу і іншых дзяржаў. У сустрэчы ўдзельнічаюць пераважна праамерыканскія ўлады рэгіёну.
Прадстаўнікі Пентагона заявілі пра гатоўнасць ЗША ісці ў наступ супраць лацінаамерыканскіх наркакартэляў нават без падтрымкі партнёраў. Пашырэнне вайсковай прысутнасці і спецаперацый ЗША ў рэгіёне разглядаецца як частка новай архітэктуры ўплыву Вашынгтона.
Акрамя таго, Трамп заявіў, што Куба хоча заключыць пагадненне з ЗША і ўжо вядзе перамовы з ім і дзяржсакратаром ЗША Маркам Рубіо.