Чаму ў Гомелі цэны на кватэры прыраўнялі да Мінска?
2- 7.03.2026, 19:25
- 1,250
Гомельчанка здзівілася цэнам на арэнду ў сваім горадзе.
Жыхары Мінска нярэдка скардзяцца на цэны на арэнду кватэр. Аднак такая праблема існуе і ў рэгіёнах. Пра яе ў Threads распавяла гомельчанка, калі ўбачыла, колькі просяць за маласямейку ў абласным цэнтры. Яна пацікавілася: «У Гомелі цэны на кватэры прыраўнялі да Мінска?» У каментарах не ўсе з ёй пагадзіліся, заўважыла «Зеркало».
Сярод сайтаў, дзе жанчына глядзела кватэру, — kufar.by. Там яна звярнула ўвагу на маласямейку на праспекце Касманаўтаў. Агульная плошча памяшкання каля 30 «квадратаў», з іх жылых — крыху больш за 18.
— Я, можа, чагосьці не разумею, але чаму ў Гомелі цэны на кватэры прыраўнялі да Мінска? За маласямейку 580 буноў (рублёў. — Заўв. рэд.)? Сур'ёзна? — не хавала здзіўлення яна.
У каментарах ёй напісалі, што цана можа быць звязаная з адрасам. Паводле слоў адной з карыстальніц, на праспекце добрае жыллё. У выніку і кошт арэнды прыстойны.
— Сказаць, што там брудна або неадэкватна, не магу. Не раз там бывала ў гасцях, усё цывільна, — падзялілася назіраннямі адна з удзельніц абмеркавання.
Аўтарка паста пярэчыла, што ўжо здымала жыллё ў адным з дамоў на праспекце. Пад'езд і суседзяў яна коратка апісала «не айс».
— Але за 200 рублёў гэта былі дробязі, сама кватэра была добрая, — адзначыла жанчына.
За дзень пост гомельчанкі праглядзелі амаль 40 тысяч разоў. Яе абурэнне падзялілі не ўсе. Пад меркаваннем больш за 50 каментароў. Вось некаторыя з іх:
«У Мінску такіх цэн няма, старт ад 320 [долараў] за „бабулін варыянт“»;
«Пры чым тут Мінск да Гомеля? Каментатары, з вамі ўсё окей? Рынак у Гомелі ўжо практычна як у Мінску. [Невядома] за якія грошы мне здымаць кватэру з улікам маёй зарплаты ў 1000—1400 [рублёў]. Пры гэтым я яшчэ і з жывёламі»;
«Таму што а***лі. Цэны не мінскія, вядома, але выходзіць дорага. Я за 500 [рублёў] на [вуліцы] Народнага апалчэння здымаю велізарную кватэру»;
«У Мінску такое за 300 долараў не заўсёды знойдзеш»;
«У Мінску цяпер пакой здаюць за гэтыя грошы»;
«Стандартная цана за аднапакаёўку ў Гомелі — ад 650 рублёў. Нібыта тут нічога анамальнага няма»;
«[За] 200 долараў няма [жытла] ў Мінску. Хіба што за адзін пакой, калі жывеш з кімсьці ў двухпакаёўцы або трохпакаёўцы. Мінімум 300 долараў. [Пры гэтым] у Мінску і не важна, што няма рамонту»;
«Цэны касмас, я кожны раз у а**е».