ЦАХАЛ: У аэрапорце Тэгерана знішчана 16 самалётаў
- 7.03.2026, 17:51
- 3,174
Аэрапорт «Мехрабад» выкарыстоўваўся падраздзяленнем «Сілы Кудс».
У ноч на 7 сакавіка ВПС ЦАХАЛа пры садзейнічанні ваеннай выведкі завяршылі хвалю удараў па ўсім Тэгеране і па ваеннай інфраструктуры ў аэрапорце «Мехрабад», паведамляе прэс-служба ізраільскай арміі.
Аэрапорт «Мехрабад» выкарыстоўваўся падраздзяленнем «Сілы Кудс» Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі і быў цэнтральным вузлом для ўзбраення і фінансавання тэрарыстычных проксі-груповак на Блізкім Усходзе. Самалёты, нагружаныя зброяй і наяўнымі грашыма, выляталі з гэтага аэрапорта і прызямляліся ў розных кропках рэгіёна, пастаўляючы груз саюзнікам іранскага рэжыму.
У ходзе прыцэльнай атакі, праведзенай гэтай ноччу, было знішчана 16 самалётаў падраздзялення «Сілы Кудс».
Акрамя таго, былі атакаваныя некалькі іранскіх знішчальнікаў, якія стваралі пагрозу для самалётаў ВПС, што дзейнічаюць у небе над Іранам.