Эксперты развеялі галоўны міф пра выдатак паліва ў аўтамабілі
4- 7.03.2026, 15:21
- 3,906
Тэсты паказалі, што адбываецца насамрэч.
Выкарыстанне кандыцыянера ў аўтамабілі сапраўды павялічвае выдатак паліва, аднак не настолькі моцна, як лічаць многія вадзіцелі. Паводле дадзеных тэстаў нямецкага аўтамабільнага клуба ADAC, у сярэднім выдатак павялічваецца на 10–15%, што значна менш за распаўсюджаныя апасенні, піша AutoŚwiat.pl.
Спецыялісты правялі лабараторныя выпрабаванні на аўтамабілі Skoda Octavia, змадэляваўшы тры тыповыя сцэнары: рух у горадзе са хуткасцю 50 км/г, загарадны маршрут са хуткасцю 100 км/г і працу рухавіка на халастым ходзе. Падчас тэсту салон астуджалі з 25°C да 22°C.
Вынікі паказалі, што ўплыў кандыцыянера залежыць ад умоў руху. У горадзе выдатак паліва вырас прыблізна на 20% (каля 1 л на 100 км), на загараднай дарозе – толькі на 6% (прыблізна 0,3 л на 100 км). Найбольш паліва сістэма спажывае на халастым ходзе – да 0,4 л у гадзіну, што можа азначаць рост выдатку амаль на 70%.
Эксперты адзначаюць, што сучасныя кампрэсары кандыцыянераў значна больш эфектыўныя, чым у аўтамабілях пачатку 2000-х гадоў, таму іх уплыў на выдатак паліва стаў меншы. Пры гэтым кандыцыянер павышае бяспеку: прахалодны салон дапамагае вадзіцелю лепш канцэнтравацца, а таксама хутка ліквідуе запацяванне шклоў.
Спецыялісты раяць карыстацца кандыцыянерам разумна: праветрываць салон перад паездкай, не ўсталёўваць занадта нізкую тэмпературу (аптымальна 21–23°C) і не ўключаць сістэму падчас вельмі кароткіх паездак, калі яна не паспее эфектыўна ахаладзіць салон.
Рэгулярнае выкарыстанне кандыцыянера таксама важнае для яго тэхнічнага стану – запуск сістэмы хаця б раз на некалькі тыдняў дапамагае пазбегнуць дарагога рамонту.