Разведзеная «ябацька» паставіла Лукашэнку ў далікатнае становішча
14- 7.03.2026, 13:59
- 7,316
Ці адкажа дыктатар за свае словы?
Настаўніца мінскай школы № 59 Аксана Сандроздава запісала ў TikTok зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яна скарысталася абяцаннем дыктатара дапамагчы жанчынам, калі «хоць адзін мужык вас пакрыўдзіць у гэтыя дні» — ён прасіў пісаць яму праз гэтую сацсетку. Педагог і звярнулася праз TikTok — распавяла, што незадаволеная тым, як была падзелена маёмасць у выніку разводу з мужам, піша «Зеркало».
Мінчанка лічыць, што, акрамя Лукашэнкі, ёй дапамагчы няма каму. Яна адзначыла, што ўзначальвае пярвічку прафсаюза ў школе, складаецца ў партыі «Белая Русь» і ў Беларускім саюзе жанчын.
«За апошні год у маім жыцці адбыліся вельмі непрыемныя і страшныя падзеі. Я разышлася са сваім мужам. Пачыналася ўсё з таго, што мой былы муж сышоў ад нас з дзіцем, пры гэтым забраў агульнанажытыя грошы. Далей ноччу на эвакуатары ён вывез маю машыну са стаянкі каля нашага жылога дома пры мне і пры маім непаўналетнім дзіцяці», — распавяла жанчына.
Па яе словах, заява ў міліцыю нічога не дала — там сказалі, што гэта не з'яўляецца крадзяжом, бо «мы яшчэ муж і жонка, і маёмасць у нас агульная». Пасля муж распачаў працэс разводу і падаў пазоў аб падзеле маёмасці.
Сандроздава меркавала, што зможа адстаяць свае правы на кватэру — паводле яе слоў, дзесяць гадоў таму «прадавала кватэру свайго бацькі і наўзамен прададзенай кватэры купляла гэтую кватэру», мела на руках усе дакументы:
«Таму я была ўпэўненая на сто працэнтаў, што я адстою свае правы і дакажу, што тыя грошы, за якія набывалася кватэра, не былі агульнанажытымі, бо мой муж туды… не ўклаў ні капейкі. У шлюбе мы бралі крэдыт на рамонт, які таксама павінен лічыцца агульнанажытай маёмасцю. За дзесяць месяцаў судоў, Аляксандр Рыгоравіч, я патраціла больш за 12 тысяч беларускіх рублёў. Паколькі мой былы муж мяне абрабаваў, і грошай у мяне не было, гэта было вельмі цяжка для мяне і для майго дзіцяці. Але я верыла ў тое, што я сваю правату адстою ў судзе».
Аднак на пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна горада Мінска суддзя Вольга Уварава прыняла рашэнне падзяліць кватэру: 50% — былому мужу, 50% — жанчыне з дачкой.
«Маю машыну, якую я набывала сама, — маему мужу, мне і дзіцяці — мэбля. Грошы, якія былі даказаны як агульнанажытыя, яна ўвогуле не разглядзела. Крэдыт застаўся на мне. У выніку яшчэ я павінна выплаціць яму выдаткі на адваката, на ўсе судовыя выдаткі і аплаціць яго дзяржпошліны», — распавяла настаўніца.
«І атрымліваецца, што мой муж у 40 гадоў пайшоў сабе ўвесь «упакаваны», выйграў суд без усялякіх доказаў, дакументаў… А з другога боку — я, з цэлай папкай доказаў, дакументаў, са сведкамі, засталася абрабаванай. Я не ведаю, як мне далей жыць, як мне забяспечваць свайго непаўналетняга дзіця, як дзяліць кватэру, у якую ўклалі ўсё сваё здароўе і грошы мае бацькі.
Я вельмі прашу ў вас абароны. Я вельмі прашу дапамагчы разабрацца ў гэтым. Вядома, я настроеная ісці далей, але адстойваць справядлівасць сёння вельмі дорага», — казала жанчына.