СМІ: Свежых прадуктаў у Дубаі засталося на 10 дзён
8- 7.03.2026, 11:30
- 2,800
З-за транспартнага калапсу ў рэгіёне Персідскага заліва.
Кіраўнік швейцарскага лагістычнага гіганта Kuehne+Nagel Штэфан Пауль заявіў, што ў Дубаі засталося свежых прадуктаў прыкладна на дзесяць дзён з-за транспартнага калапсу ў рэгіёне Персідскага заліва, выкліканага ваеннай аперацыяй ЗША і Ізраіля супраць Ірана. У інтэрв'ю SRF ён патлумачыў, што крызіс прывёў да амаль поўнага спынення авіязносін і значных абмежаванняў у працы марскіх партоў на Блізкім Усходзе, што сур'ёзна стрымлівае пастаўкі тавараў, асабліва хуткапсавальных.
Паводле слоў Паўля, вымушаны прастой закранае каля 18% сусветных грузавых авіямагутнасцяў. Сярод тавараў, дастаўка якіх парушаная, — фармацэўтычныя прэпараты з кантраляваным тэмпературным рэжымам, свежая садавіна і іншыя прадукты з кароткім тэрмінам захоўвання. «Паколькі большасць прадуктаў імпартуецца, запасы, асабліва свежых, могуць хутка вычарпацца», — адзначыў кіраўнік кампаніі.
Марскія перавозкі ў Персідскім заліве таксама абмежаваныя. Каля 100 кантэйнеравозаў заблакаваныя ў раёне заліва, а караблі пазбягаюць праходу праз Армузскі праліў — ключавы маршрут для транспартавання збожжа і прадуктаў харчавання. Раней датская лагістычная кампанія Maersk прыпыніла прыём і адпраўку грузаў у краінах Персідскага заліва, уключаючы ААЭ, Аман, Кувейт, Катар, Бахрэйн, Саудаўскую Аравію і Ірак, што закранула рэфрыжэратарныя і спецыяльныя грузы.
Лагісты шукаюць альтэрнатыўныя маршруты, напрыклад дастаўку тавараў самалётамі ў Саудаўскую Аравію з наступнай перавозкай грузавікамі. Аднак, як патлумачыў Пауль, такая схема вельмі складаная. «Адзін кантэйнерны карабель можа перавозіць да 20 тысяч кантэйнераў. Немагчыма проста замяніць гэты аб'ём грузавікамі», — сказаў эксперт.
Парушэнне лагістыкі ўжо прывяло да росту транспартных тарыфаў. Паводле Bloomberg, кошт перавозкі грузаў з Паўднёва-Усходняй Азіі ў Еўропу павысіўся больш як на 6% — да 3,82 долара за кілаграм. Тарыфы на перавозку з Блізкага Усходу ў ЕС выраслі на 8% (да 1,62 долара), а дастаўка з Кітая ў ЗША падаражэла на 15% (да 6,90 долара за кілаграм). Найбуйнейшыя авіяперавозчыкі рэгіёна — Qatar Airways, Emirates і Etihad — абмежавалі грузавыя перавозкі.
Kuehne+Nagel International AG — адзін з сусветных лідараў транспартна-лагістычнай галіны, заснаваны ў 1890 годзе ў Брэмене (Германія) і мае штаб-кватэру ў Швейцарыі. Кампанія стабільна ўваходзіць у топ-5 буйнейшых лагістычных правайдараў свету, прызнана лідарам у рэйтынгу Gartner Magic Quadrant для старонніх лагістычных аператараў (3PL). Яна дамінуе ў марскіх і паветраных грузаперавозках, а таксама моцная ў кантрактнай лагістыцы і кіраванні ланцужкамі паставак. Сетка Kuehne+Nagel налічвае каля 1300 офісаў у больш як 100 краінах, абслугоўваючы прыкладна 400 тысяч кліентаў з рытэйлу, фармацэўтыкі, аўтапраму і хай-тэку. Штат кампаніі перавышае 96 тысяч супрацоўнікаў, а выручка ў 2024 годзе дасягнула 24,8 млрд швейцарскіх франкаў. Побач з DHL, Maersk, DSV, FedEx і UPS Kuehne+Nagel застаецца ключавым гульцом, які актыўна ўкараняе лічбавыя рашэнні і імкнецца да вугляроднай нейтральнасці.