Лукашэнка апроставаласіўся напярэдадні 8 сакавіка
28- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 6.03.2026, 17:14
- 20,082
Дыктатар праколаўся з шматдзетнымі сем’ямі.
Напярэдадні 8 сакавіка Аляксандр Лукашэнка дэманструе гуманізм і фантануе сэксісцкімі жарцікамі. За адзін дзень кіраўнік паспеў і памілаваць 18 чалавек (з іх 11 жанчын), і ўручыць дзяржаўныя ўзнагароды «сціплым працаўніцам, захавальніцам нацыянальных традыцый і хатняга ачага». А яшчэ заклікаць беларусак «працягваць не толькі чыюсьці прозвішча, але і ўвесь беларускі народ», то бок нараджаць больш.
Між іншым Лукашэнка нагадаў, што «чытае TikTok», і заклікаў беларусак скардзіцца, калі што не так: «Калі хоць адзін мужык вас пакрыўдзіць у гэтыя дні, напішыце мне — я абавязкова адрэагую».
Падобна, гэты чалавек шчыра лічыць сябе «бацькам беларускай нацыі», без умяшання якога ні бульбу не перабяруць, ні парушальнікаў правоў жанчын да адказнасці не прыцягнуць. І пры тым, што менавіта ён некалькі гадоў таму заблакіраваў прыняцце ў Беларусі закона аб хатнім гвалце. Бо кіраўніку, які аднаасобна вырашае, каго караць смерцю, а каго мілаваць, заўсёды не да законаў — ні юрыдычных, ні маральных.
Затое яму ёсць справа да дэмаграфіі, таму на ўсіх узроўнях і на ўсе лады гучаць заклікі нараджаць больш і часцей і абяцанні, што дзяржава дапаможа.
— Шматдзетных сем’яў у Беларусі за пяць гадоў стала больш на 15 працэнтаў. І сёння 120 тысяч сямейных пар выхоўваюць траіх і больш дзетак, — з пафасам заявіў Лукашэнка на цырымоніі ўручэння ордэнаў Маці.
І вось тут якраз апроставаласіўся. Бо літаральна за некалькі дзён раней міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лобовіч сказаў, што за 2021—2025 гады колькасць шматдзетных сем’яў у Беларусі вырасла ўсяго на 6% і складае «амаль 120 тысяч». Здавалася б, дробязь, але важная. Бо калі б было 120 тысяч плюс хоць бы 1 — да варажкі не хадзі, фармулёўка змянілася б на бравурную «больш за 120 тысяч».
Але і да гэтых заяў, калі паглядзець статыстыку мінулых гадоў, ёсць пытанні. Згодна з перапісам 2019 года, траіх і больш дзяцей выхоўвалі 105,6 тысячы шматдзетных сем’яў, у 2022 годзе чыноўнікі казалі пра «амаль 119 тысяч», а ў наступныя два гады ў афіцыйных справаздачах гучалі аптымістычныя лічбы — 121 тысяча і 123 тысячы адпаведна.
Выходзіць, у параўнанні з мінулымі гадамі колькасць шматдзетных у Беларусі не вырасла на нейкія працэнты, а наадварот — скарацілася. А нараджальнасць, афіцыйную статыстыку па якой Белстат схаваў на пяць гадоў, у 2024-м упала да гістарычнага мінімуму.
Што з гэтага вынікае? Што распіяраныя дзяржаўныя праграмы падтрымкі, кшталту сямейнага капіталу, не надта працуюць, як бы чыноўнікі ні нацягвалі саву на глобус са словамі «становіцца ўсё больш шматдзетных сем’яў». Таксама і ў папулісцкія абяцанні «нарадзіце трэцяга малога і патрабуйце ад мяне ўсё, што заўгодна» сучасныя сем’і не вераць.
Аднак нехта працягвае выдаваць жаданае за існае. У той час як насельніцтва Беларусі скарачаецца, а дэмаграфічныя прагнозы трэба пераглядаць.
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»