МЗС Украіны адрэагавала на выкраданне супрацоўнікаў «Ашчадбанка» ў Венгрыі
10- 6.03.2026, 10:46
- 9,398
Кіеў заявіў пра закладнікаў і «дзяржаўны рэкет».
5 сакавіка ў Венгрыі выкралі супрацоўнікаў украінскага дзяржаўнага «Ашчадбанка» разам з інкасацыйнымі аўтамабілямі і каштоўнасцямі.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга у сацсетцы Х заявіў, што ўлады Венгрыі фактычна ўзялі ў закладнікі сямёх грамадзян Украіны. Прычыны такіх дзеянняў дагэтуль невядомыя, як і цяперашні стан супрацоўнікаў банка. Магчымасці звязацца з імі няма.
«Гэтыя сем украінцаў з'яўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўнага банка «Ашчадбанк», якія кіравалі двума банкаўскімі аўтамабілямі, што рухаліся паміж Аўстрыяй і Украінай і перавозілі наяўныя грошы ў рамках рэгулярных паслуг паміж дзяржаўнымі банкамі. Фактычна, ідзе гаворка пра тое, што Венгрыя ўзяла ў закладнікі і скрала грошы. Калі гэта тая «сіла», пра якую сёння заявіў спадар Орбан, дык гэта сіла злачыннай групоўкі. Гэта дзяржаўны тэрарызм і рэкет», – падкрэсліў Сібіга.
Зазначаецца, што МЗС Украіны ўжо накіраваў афіцыйную ноту з патрабаваннем неадкладнага вызвалення грамадзян Украіны. Таксама Украіна звернецца да Еўрапейскага саюза з просьбай даць выразную кваліфікацыю незаконным дзеянням Венгрыі, захопу закладнікаў і рабаванню.
На інцыдэнт з затрыманнем супрацоўнікаў «Ашчадбанка» адрэагавалі і ў Нацыянальным банку Украіны.
«Мы патрабуем ад уладаў Венгрыі неадкладнага вызвалення грамадзян Украіны і афіцыйнага тлумачэння прычын іх затрымання, а таксама прадастаўлення інфармацыі пра месцазнаходжанне інкасацыйных аўтамабіляў і адпаведнага грузу», – гаворыцца ў заяве НБУ.