Стала вядома, калі ў Беларусі цалкам адключаць ацяпленне
5- 6.03.2026, 10:21
- 5,016
У «Белэнерга» адказалі.
Стабільны плюс на тэрмометры — яшчэ не падстава адключаць ацяпленне ў жылых дамах (і тым больш у сацыяльных установах). Праўда, і «качагарыць», як раней, батарэі перастаюць: чым цяплей на вуліцы, тым прахаладней становяцца радыятары. І гэта не «баг» — сістэма павінна працаваць менавіта так, каб не спальваць лішняе, але і не пакінуць людзей без цяпла. Калі ж чакаць поўнага адключэння ацяплення, расказалі ў «Белэнерга».
Рашэнне аб тым, каб спыніць падачу цяпла, прымаюць зусім не энергетыкі. «Рубільнік» павернуць толькі пасля таго, як ацяпляльны сезон будзе афіцыйна завершаны. А гэтую мяжу вызначаюць мясцовыя выканаўчыя камітэты. І арыентуюцца яны не на каляндар, а на надвор'е.
«Пры прыняцці рашэнняў камітэты кіруюцца доўгатэрміновымі прагнозамі Белгідрамета і фактычнымі паказчыкамі тэмператур. Асноўны крытэрый для пачатку адключэння — устойлівае пацяпленне. Ацяпленне могуць адключыць, калі сярэднесутачная тэмпература вонкавага паветра трымаецца на адзнацы не ніжэй за +8°C на працягу трох сутак запар, з улікам доўгатэрміновага прагнозу Белгідрамета. Для аб’ектаў сацыяльнай сферы — пры ўсталяванні сярэднесутачнай тэмпературы +10°C.
Важна ўлічваць, што арыенцір — менавіта сярэднесутачная тэмпература.
Калі ўдзень паветра прагрэваецца да +14°C, а ноччу тэмпература апускаецца да нуля або ніжэй, сярэднесутачны паказчык можа апынуцца ніжэй неабходнага парога (+8°C). У такім выпадку батарэі працягваюць працаваць, каб згладзіць начныя замаразкі», — тлумачаць у «Белэнерга».
Горад ад цяпла адключаюць не адразу. Першымі ідуць прамысловыя прадпрыемствы, адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Затым надыходзіць чарга жылых дамоў, інтэрнатаў, лазняў, тэатраў. І толькі ў самым канцы без цяпла застаюцца школы, дзіцячыя сады, бальніцы і паліклінікі, установы сацыяльнай абароны, гасцініцы, музеі, бібліятэкі і архівы.