Снапкоў здзекуецца з выжыўшага з розуму Лукашэнкі?
23- 6.03.2026, 13:58
- 24,138
«Гэта, я вам скажу, мацней за «Фаўста» Гётэ».
У новым выпуску эканамічнай праграмы на канале БРЦ Сяргей Чалы прайшоўся па «справядлівых цэнах», пра якія марыць кіраўнік Беларусі — а чыноўнікі справна абяцаюць, што сістэма неўзабаве запрацуе.
— Месяц таму Лукашэнка правёў нараду з Саўмінам і нагадаў, што яшчэ два гады таму віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў абяцаў яму стварыць сістэму аналізу цэн, — нагадвае аналітык. — Снапкоў як вопытны чыноўнік адказаў, што ў Беларусі будзе не проста сістэма справядлівага цэнаўтварэння, а аўтаматызаваная — АІС «Аналіз цэн». І ў яе, нібыта, нават ёсць пэўныя поспехі.
Так, падчас выніковага пасяджэння калегіі МАРТ Снапкоў вызначыў акцэнты ў працы міністэрства на 2026 год: маўляў, трэба забяспечыць насычанасць спажывецкага рынку і справядлівыя цэны.
І гэта пры тым, што калі цана — рыначная, то рынак якраз насычаны, а калі «справядлівая» (рэгуляваная дзяржавай — рэд.), тады сапраўды рынак трэба асобна насычаць.
Чалы іранічна захапіўся пафаснымі фармулёўкамі, якія ўжываў віцэ-прэм'ер:
Як цудоўна гучыць: «Гэта будзе магутная парасонавая сістэма, якая дасць магчымасць рэальна бачыць рух дабаўленай вартасці па ўсіх таварах, работах і паслугах у краіне. І, адпаведна, дазволіць сфарміраваць справядлівую цану паміж вытворцам і розніцай, імпартам і розніцай».
То-бок — гэта тое, што было ў Савецкім Саюзе: такая матрыца, баланс народнай гаспадаркі, які апрацоўваўся вылічальнымі цэнтрамі, і будаваліся пяцігадовыя планы.
Вось і чыноўнікі МАРТ ужо заяўляюць, што аўтаматызаваная сістэма аналізу цэн дапамагае ім спрагназаваць інфляцыю. Хоць на справе, канстатуе аналітык, у цуд-сістэму з штучным інтэлектам уключаныя ўсяго тры тавары: халадзільнікі, шыны і веласіпеды. Паводле якіх крытэрыяў былі адабраныя менавіта гэтыя тавары і як аналіз цэн на іх «дапамог летась падлічыць цэны на боршчавы набор» — загадка стагоддзя.
— Мне гэта зусім незразумела, — прызнаецца Сяргей Чалы. — Бо пры ўсёй анекдатычнасці «індэксу Біг Мака» яго выкарыстоўвае часопіс The Economist (для параўнання кошту бургера і ацэнкі рэальных абменных курсаў валют розных дзяржаў — рэд.), таму што мяркуецца, што гэта лакальны вытворца мяса, лакальны вытворца гародніны, булачак, плюс кошт выдаткаў на працу ў кожнай канкрэтнай краіне. У гэтым ёсць логіка. А халадзільнікі, шыны, веласіпеды? Што яны павінны ўвасабляць?
У Беларусі нават у «індэксе чаркі-шкваркі» занадта вялікая доля дзяржрэгулявання: акцызы, дзяржпадтрымка, — таму да справядлівасці тут ёсць сур'ёзныя пытанні.
Відаць, тут алгарытм ШІ настолькі добра распрацаваны, што сістэма змагла па халадзільніках, шынах і веласіпедах пралічыць цэны на боршчавы набор. І гэта, я вам скажу, мацней за «Фаўста» Гётэ. Алгарытм дык алгарытм! Я ўпэўнены, далёка не кожны чат GPT справіцца з такой сур'ёзнай задачай.