Удары Ірана абвалілі рынак нерухомасці ў ААЭ
2- 6.03.2026, 9:42
- 4,780
Забудоўшчыкі спрабуюць супакоіць інвестараў.
Рынак нерухомасці Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў можа сутыкнуцца з сур'ёзным выпрабаваннем пасля ракетных удараў Ірана, якія паставілі пад сумнеў імідж рэгіёна як бяспечнай гавані для замежнага капіталу.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Шматгадовы бум на рынку нерухомасці ў ААЭ можа сутыкнуцца з сур'ёзным выпрабаваннем пасля ракетных удараў Ірана, якія падарвалі рэпутацыю дзяржаў Персідскага заліва як бяспечнага месца для інвестыцый.
Выданне адзначае, што ад атак пацярпелі аэрапорты, порты і жылыя раёны Дубая і Абу-Дабі (у прыватнасці з-за абломкаў ад збітых дронаў і ракет — рэд.), што паставіла пад сумнеў стабільнасць рэгіёна.
Паводле даных брокерскай кампаніі Betterhomes, у 2025 годзе каля 65% здзелак на рынку жылля ў Дубаі прыпадала на продажы на этапе будаўніцтва. Гэта азначае, што значная частка попыту залежыць ад даверу замежных інвестараў.
Пасля навін пра ўдары акцыі найбуйнейшых забудоўшчыкаў рэзка ўпалі. У прыватнасці, акцыі Aldar Properties і Emaar Properties — забудоўшчыка, які стаіць за забудовай цэнтра Дубая і хмарачосам Бурдж-Халіфа — патаннелі прыкладна на 5%.
Акрамя таго, рэзка ўзрасла даходнасць аблігацый забудоўшчыкаў, што фактычна закрыла рынак даўгавога фінансавання для новых размяшчэнняў.
Інвестараў спрабуюць супакоіць
Нягледзячы на атакі Ірана, частка забудоўшчыкаў спрабуе супакоіць інвестараў. Генеральны дырэктар люксавага забудоўшчыка Dar Global Зіяд Эль-Чаар заявіў, што эканамічныя асновы краін Персідскага заліва застаюцца моцнымі, а ўсе праекты кампаніі рэалізуюцца паводле плану.
Аднак банкіры і ўдзельнікі рынку адзначаюць, што наступствы ўжо адчувальныя. Некаторыя кампаніі адклалі планы па прыцягненні фінансавання, а інвестары сталі больш асцярожнымі з-за росту рызык у рэгіёне.
Reuters нагадвае, што бум на рынку нерухомасці ААЭ значна ўзмацніўся пасля пандэміі COVID-19 — тады краіна прыцягнула заможных замежнікаў дзякуючы адсутнасці падаходнага падатку, ліберальным візавым правілам і спрыяльнаму бізнес-клімату. Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне ў краіну таксама актыўна пачалі пераязджаць расійскія бізнесмены і інвестары.
Па ацэнках экспертаў, калі геапалітычная напружанасць захаваецца, міжнародныя крэдыторы могуць скараціць фінансаванне новых праектаў, што стане сур'ёзным выклікам для сектара нерухомасці.