Зяленскі: Пуцін не хоча заканчваць вайну
5- 22.03.2026, 22:31
Нягледзячы на кантакты з ЗША, Расія не дэманструе гатоўнасці да міру.
Пасля двух дзён сустрэч дэлегацый Украіны і ЗША ў Маямі ёсць сігналы аб магчымым працягненні абменаў ваеннапалоннымі з РФ, але відавочна, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не хоча заканчваць вайну. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у вячэрнім звароце.
Украінскі лідар падзяліўся, што атрымаў даклад ад украінскай перамоўнай групы пра другі дзень сустрэчы з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа у Маямі. Ён адзначыў, што цяпер увага амерыканскага боку перадусім сканцэнтраваная на сітуацыі вакол Ірана.
«Але і гэтую вайну Расіі супраць Украіны трэба заканчваць. Гэта аднолькава ўспрымаецца ўсімі ў свеце, я вельмі ўдзячны амерыканскаму грамадству за выразную падтрымку нармальнага, годнага міру для Украіны», — дадаў Зяленскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба дамагчыся таго, каб агрэсар не атрымаў узнагароду за вайну. Ён дадаў, што таксама важна, каб Украіна не была вымушаная вяртацца да вайны праз месяцы або гады. Для гэтага гарантыі бяспекі для Украіны і ўсёй Еўропы павінны быць дастатковымі.
«У цэлым сітуацыя застаецца даволі празрыстай: Пуцін вайну заканчваць не хоча. Але галоўнае, што ўсе хочуць міру. Мы ўсе разам павінны рабіць усё магчымае і надалей будзем рабіць усё магчымае, каб скончыць гэтую вайну», — падсумаваў Зяленскі.