Невядомыя запусцілі дроны над базай НАТА
4- 22.03.2026, 21:09
- 1,962
У Нарвегіі затрымалі групу замежнікаў каля стратэгічнага вайсковага аб’екта.
Нарвежская паліцыя затрымала групу замежнікаў, якія запускалі FPV-дроны непасрэдна побач са стратэгічным вайсковым аб’ектам. Інцыдэнт адбыўся паблізу базы Рамсунд, якая з’яўляецца ключавым лагістычным вузлом Ваенна-марскіх сіл краіны на поўначы, паведамляе нарвежскае выданне NRK са спасылкай на афіцыйныя даныя праваахоўных органаў.
База Рамсунд — гэта сэрца марской лагістыкі Нарвегіі. Менавіта тут размешчаныя асноўныя склады і пункты забеспячэння флоту за Палярным кругам. З’яўленне невядомых лятальных апаратаў у такім раёне імгненна выклікала трывогу.
Па падазрэнні ў незаконнай здымцы затрымалі шэсць чалавек. Група называла сябе звычайнымі турыстамі, аднак іх цікавасць да закрытага вайсковага аб’екта наўрад ці была выпадковай. Усім фігурантам ужо выпісалі салідныя штрафы, два дроны канфіскавалі ў якасці рэчавых доказаў. Цяпер следчыя высвятляюць, ці мелі гэтыя «падарожнікі» сувязь з расійскімі спецслужбамі.
Гэты выпадак — толькі частка агульнай карціны, бо апошнім часам невядомыя беспілотнікі ўсё часцей з’яўляюцца над аб’ектамі Альянсу па ўсёй Еўропе. Асаблівая актыўнасць назіраецца там, дзе рыхтуюць украінскіх вайскоўцаў або захоўваюць заходнюю зброю.