22 сакавiка 2026, Нядзеля, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: Сустрэчу Трампа і Сі адклалі да заканчэння вайны з Іранам

Politico: Сустрэчу Трампа і Сі адклалі да заканчэння вайны з Іранам

Саміт ЗША і Кітая перанесены на нявызначаны тэрмін.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа заяўляе замежным службовым асобам і іншым, што не будзе прызначаць новую дату саміту паміж кіраўніком Белага дома і лідарам Кітая Сі Цзіньпінам да таго часу, пакуль не завершыцца канфлікт з Іранам.

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Politico.

Дыпламат з Вашынгтона, знаёмы з планамі правядзення саміту ЗША-Кітай, пацвердзіў, што адміністрацыя выразна дала зразумець: «Наступныя даты саміту Трампа і Сі будуць прапанаваныя толькі пасля таго, як актыўная фаза канфлікту з Іранам скончыцца».

Крыніца з Вашынгтона, блізкая да адміністрацыі і таксама дасведчаная аб планах Белага дома па правядзенні саміту, пацвердзіла, што адміністрацыя прытрымліваецца гэтага намеру.

У той жа час у Белым доме абвяргаюць, што тэрміны саміту звязаныя з вайной у Іране.

«Гэта фэйкавыя навіны. Злучаныя Штаты і Кітай вядуць прадуктыўныя перамовы аб пераносе візыту прэзідэнта Трампа — абвяшчэнні будуць зробленыя ў бліжэйшы час», — заявіла намесніца прэс-сакратара Белага дома Ганна Келлі.

Доўгачаканая сустрэча Трампа і Сі першапачаткова была запланаваная на канец сакавіка, але Трамп раней абвясціў, што сустрэча будзе адкладзеная «прыблізна на месяц», паколькі «ў нас ідзе вайна».

У чацвер ён сказаў, што яна адбудзецца «прыблізна праз паўтара месяца».

Выступаючы перад журналістамі ў сераду, прэс-сакратар Белага дома Кэралін Лівіт дапусціла, што сустрэча можа адбыцца не раней за май.

Па меры таго як вайна з Іранам уваходзіць у чацвёрты тыдзень, адміністрацыя ЗША, здаецца, рыхтуецца да больш працяглага канфлікту. ЗША распрацавалі падрабязныя планы разгортвання сухапутных войскаў на тэрыторыі Ірана, адзначаецца ў публікацыі.

«Існуюць аператыўныя абмежаванні на вядзенне вайны з іншай краіны — асабліва з такой варожай, як Кітай. Трампу і Сі было б страшэнна нязручна весці перамовы ў такой абстаноўцы», — паведаміла крыніца, блізкая да амерыканскай адміністрацыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках