22 сакавiка 2026, Нядзеля, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя амаль па ўсёй Беларусі

1
Абмежаванні на наведванне лясоў уведзеныя амаль па ўсёй Беларусі

Захады ўведзеныя на фоне пачатку пажаранебяспечнага сезона.

Рэжым абмежавання на наведванне лясоў уведзены ў большасці раёнаў краіны, паводле дадзеных інтэрактыўнай карты Мінлясгаса.

Большасць раёнаў увяла спецыяльны захад 22 сакавіка, а некаторыя раёны зрабілі гэта яшчэ 20 сакавіка.

Справа ў тым, што ва многіх лясгасах краіны ўжо афіцыйна абвясцілі пра адкрыццё пажаранебяспечнага сезону, бо з прыходам вясны ўсталявалася цёплае сухое надвор’е. З пачатку года ў лясным фондзе Мінлясгаса ўжо зарэгістравана 20 выпадкаў узгарання (па стане на 19 сакавіка). Агульная плошча агменяў склала 8,9 гектара.

Разам з тым, свабодна наведваць лясы, па стане на 19:00 22 сакавіка, усё яшчэ можна ў 11 раёнах краіны — Слонімскім, Зэльвенскім, Навагрудскім, Карэліцкім, Ашмянскім, Смаргонскім, Мядзельскім, Шаркаўшчынскім, Браслаўскім, Міёрскім і Верхнядзвінскім.

Абмежаванне на наведванне лясоў уводзіцца пры 3-м класе пажарнай небяспекі. Поўная забарона прымяняецца пры 4-м і 5-м класах небяспекі. Пры абмежаванні ў лес можна заходзіць для прагулкі, а таксама для збору ягад і грыбоў. Строга забаронена разводзіць вогнішчы. Парушальнікаў чакае адказнасць — штраф да 12 базавых велічынь (да Br540).

Калі па віне чалавека адбыўся пажар, у выніку якога знішчаныя або пашкоджаныя лясныя насаджэнні, штраф можа скласці да 30 БВ (да Br1350). Акрамя таго, давядзецца кампенсаваць шкоду за пацярпелы лясны фонд.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках