22 сакавiка 2026, Нядзеля, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска пералічвала грошы дзяўчынцы з дзіцячага дома на самы дарагі ўкол у свеце

9
Беларуска пералічвала грошы дзяўчынцы з дзіцячага дома на самы дарагі ўкол у свеце
Ксенія Маісеенка

Але памылілася — і гэта нават пайшло на карысць.

У суботу, 21 сакавіка, карыстальніца Threads Елена расказала кранальную гісторыю, якая з ёй здарылася, калі яна хацела зрабіць добрае дзеянне. Яна памылілася нумарам, пералічваючы грошы, каб падтрымаць Ксенію Маісеенка з СМА. Але нягледзячы на гэта, дапамога дайшла да дзяўчынкі. Прычым у значна большым памеры, паведамляе «Зеркало».

Па словах Елены, у пятніцу, 20 сакавіка, яна пералічвала грошы на дапамогу дзяўчынцы, для якой збіраюць на «самы дарагі ўкол» у свеце. Аднак памылілася нумарам і адправіла суму іншаму чалавеку. Гэта яна заўважыла толькі тады, калі прыйшоў плацеж.

— Думаю, што рабіць. Вырашыла напісаць на нумар з просьбай перанакіраваць [сродкі] на нумар дзяўчынкі. Мне адказалі: «Ок, заўтра», — расказала жанчына ў сваім акаўнце. — Раніцай нагадала з маленькай надзеяй.

А далей адбылося тое, чаго жанчына не чакала. Ёй прыйшло паведамленне ад чалавека, якому яна высла́ла грошы памылкова.

— Паважаная Алена накіравала [дзяўчынцы] суму ў дзесяць разоў большую, чым мая, — падзялілася Елена зместам атрыманага паведамлення. — Паважаю нашых беларусаў.

Да ліста быў прыкладзены скрыншот. На ім відаць, што Алена адправіла дзіцяці з СМА 280 рублёў.

У допісе Елена не піша, як завуць дзяўчынку, якой яна пералічвала грошы. Судзячы па ўсім, ідзе гаворка пра Ксенію Маісеенка, для якой у Беларусі цяпер актыўна збіраюць на ўкол «Золгенсма».

На старонцы Instagram, якую для дзяўчынкі вядуць валанцёры, сказана, што ёй 3,5 года. Цяпер яна знаходзіцца ў Магілёве, у спецыялізаваным Доме дзіцяці. Тут дзяўчынка са студзеня 2025-га. Страшны дыягназ ёй паставілі два гады таму.

— У Ксюшы — спінальная мышачная атрафія (СМА). Гэта значыць, яе мышцы не слухаюцца. Яна не можа трымаць галаву, можа толькі перакочвацца па падлозе. Яе дыханне — гэта подзвіг кожную секунду. А цяпер да гэтай вайны далучылася пнеўманія. Яе лёгкія, і без таго слабыя, запоўненыя запаленнем. Кожны ўдых — гэта боль. Кожны дзень — гэта барацьба за жыццё, якую яна вядзе адна, — напісана на яе старонцы.

Тата дзяўчынкі памёр. Мама не справілася з цяжкасцю сітуацыі і перадала дачку ў дзіцячы дом. Пры гэтым, адзначаюць валанцёры, мама дзяўчынкі не пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

На ўкол і падтрымлівальную тэрапію для Ксеніі трэба сабраць 1,8 мільёна долараў. Паводле даных на 21 сакавіка, у скарбонцы каля 46 працэнтаў ад патрэбнай сумы.

У пятніцу, 20 сакавіка, валанцёры напісалі, што дзяўчынка хварэе і знаходзіцца ў бальніцы.

— Адбылося самае страшнае… тое, чаго мы больш за ўсё баяліся… Ксюша зноў у бальніцы. Яе выпісалі, а пад вечар у яе рэзка паднялася тэмпература да 39,3°C. Хуткая адвезла яе ў бальніцу, — сказана на старонцы дзіцяці. — Кожны раз, калі мы чуем гэтыя словы, сэрца замірае. Мы верылі, што разам зможам абараніць яе, але хвароба не адступае. Цяпер Ксюша мае патрэбу ў нашай падтрымцы як ніколі. Мы не можам апусціць рукі. Мы павінны быць побач — кожны з нас. Ваша дапамога, вашы малітвы і падтрымка — гэта тое, што дае сілы змагацца далей.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках