22 сакавiка 2026, Нядзеля, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кацярына Андрэева: Інтуіцыя падказвала, што «нешта павінна адбыцца»

1
Кацярына Андрэева: Інтуіцыя падказвала, што «нешта павінна адбыцца»
Кацярына Андрэева

Журналістка і былая палітзняволеная дала першае інтэрв’ю на волі.

Журналістка «Белсата» і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева дала сваё першае інтэрв’ю праграме «Раніца з Белсатам» пасля вызвалення. Паводле яе слоў, чаканне вызвалення існавала з першага дня затрымання.

— Доступ да інфармацыі быў абмежаваны, бо ў асноўным мы атрымлівалі звесткі з дзяржаўных тэлеканалаў. Але мы бачылі, што людзей вызваляюць проста з калоніі. Таму асноўнай крыніцай быў наш асабісты досвед.

Гэта кожны раз было вельмі эмацыйна і, вядома, была надзея. Але пры ўсім гэтым не было поўнага разумення, чаму гэта адбываецца і якім чынам. Мы проста бачылі, што людзі выходзяць. Гэта было вельмі кранальна, і была надзея, што нас, магчыма, у наступны раз [вызваляць].

Надзея на волю была з першага дня затрымання. Штодзень мы з дзяўчатамі чакалі, што нас вызваляць, бо так не павінна быць. Людзі павінны быць на волі. Чакалі ўвесь час, натуральна, але калі ўжо пачаўся перамоўны працэс і прыезды пана Коула і амерыканскай дэлегацыі, якія кожны раз заканчваліся вызваленнем палітвязняў, тады надзея пачала мацнець.

Кацярына кажа, што дзень вызвалення — 19 сакавіка — пачаўся як звычайны дзень, але інтуіцыя падказвала, што «нешта павінна адбыцца».

— Да самага апошняга моманту мы не ведалі, што нас вызваляць. Мы не ведалі, у бок якой краіны нас везуць: ці гэта будзе Літва, ці, як мінулы раз, Украіна. Ехалі на двух мікрааўтобусах. Жанчыны з мужчынамі разам.

Мы ехалі з Марфай Рабковай і Настай Лойка. Калі я ўбачыла, што яны ўваходзяць у аўтобус, апранутыя ў сваю звычайную вопратку, то зразумела, што гэта вызваленне.

Кацярына лічыць перамогаю тое, што гэтым разам частцы палітвязняў дазволілі застацца ў Беларусі.

— Нават мы, тыя, каго Беларусь не палічыла магчымым бачыць у сябе, вітаем гэты крок і радуемся за людзей, якіх вызвалілі і якія засталіся ў Беларусі. Некаторых з іх я ведаю асабіста, сядзела разам. Цяпер у мяне такі круг знаёмстваў, але гэта годныя, выдатныя людзі. Яны заслугоўваюць таго, каб застацца на сваёй радзіме.

Журналістка звяртае ўвагу, што, напрыклад, у яе не было выбару — з’ехаць ці застацца. Інакш яна хацела б застацца ў Беларусі.

— Уся мая сям’я ў Беларусі, мой муж Ігар Ільяш, журналіст, якога пазбавілі волі, цяпер таксама ў Беларусі, у бабруйскай калоніі №2. Калі б мне пакінулі выбар, я б засталася ў Беларусі, ездзіла б да яго на пабачэнні, перадавала б перадачы і была б побач з ім так, як ён быў са мной усе чатыры гады, пакуль яго не затрымалі.

Кацярына прызнаецца, што за час зняволення яна панесла шмат страт, і яе сям’я моцна пацярпела.

— Калі б я магла зрабіць гэтыя страты меншыя або ўвогуле пазбавіць іх ад гэтага, я б зрабіла інакш. Што да маёй журналісцкай дзейнасці і працы, дык, натуральна, я б засталася вернай сабе і сваёй прафесіі. Я перадусім журналіст, а ўжо па-другое чалавек і проста слабая жанчына, якая хацела б жыць у камфорце. Так сталася, і я рада, што змагла пераадолець гэтае выпрабаванне, больш-менш захаваць сябе. І цяпер мая галоўная мэта — уз’яднацца са сваім мужам.

Апошні раз Кацярына і Ігар бачыліся падчас кароткага пабачэння ў Гомельскай калоніі ў ліпені 2024 года. Журналістка кажа, што ўвесь час настойвала, каб ён з’ехаў.

— Я прасіла яго проста як жонка, а не як калега. Я проста прасіла яго зберагчы сябе дзеля мяне, будучыні, дзеля дзяцей, пра якіх мы марым. Я вельмі хацела, каб ён з’ехаў, каб ён проста падумаў пра сябе і ўласную бяспеку. Але ён сказаў: «Калі ты яшчэ раз мяне папросіш, я моцна пакрыўджуся». І ён настойваў на тым, каб прынцыпова заставацца ў Беларусі.

На волі Кацярыну здзівілі новыя тэхналогіі.

— Па-першае, я нават трымаць тэлефон развыкла, а нам адразу па прыбыцці ў Вільню далі тэлефоны і навучылі карыстацца на базавым узроўні. Для мяне гэта быў такі нязвыклы жэст, калі пачынаеш лістаць стужку. Я яшчэ не аднавіла свае сацсеткі, а з таго, што аднавіла — базавыя мэсэнджары — імі яшчэ складана карыстацца.

Я адчуваю такую прасторавую дэзарыентацыю, а ў тэлефоне дык увогуле. Паглядзела ролікі з штучным інтэлектам — дый гэта нейкае цуд для мяне. Я адчуваю сябе дыназаўрам або іншапланецянінам, які зваліўся з Месяца на Зямлю і вучыцца зноў хадзіць.

Кацярына Андрэева знаходзілася ў зняволенні з 15 лістапада 2020 года. У лютым 2021-га яе разам з Дар’яй Чульцовай асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі з «Плошчы Перамен» у Мінску. У 2022-м Кацярыну зноў асудзілі на 8 гадоў зняволення нібыта за «перадачу замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Журналістку вывезлі з Беларусі 19 сакавіка пасля чарговых перамоваў Лукашэнкі і спецпрадстаўніка Дональда Трампа па Беларусі Джона Коула.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках