На борце збітага пад Масквой самалёта мог быць вядомы расійскі блогер
10- 22.03.2026, 13:54
- 13,010
Бортавыя нумары супадаюць.
У горадзе Каломна у Падмаскоўі расійская сістэма СПА збіла лёгкаматорны самалёт, на борце якога, верагодна, знаходзіўся расійскі авіяблогер Павел Кошкін. Пра інцыдэнт, што адбыўся яшчэ 20 сакавіка, паведамлялі расійскія тэлеграм-каналы, піша УНІАН.
Тэлеграм-канал MNS са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што сілы супрацьпаветранай абароны прынялі лятальны апарат за ўкраінскі БПЛА і адкрылі па ім агонь. Пасля трапляння лёгкаматорнік разбіўся каля берага ракі Акі. Паводле звестак выдання, загінулі два чалавекі, якія знаходзіліся на борце.
Пазней у МНС Маскоўскай вобласці пацвердзілі катастрофу з самалётам і гібель двух чалавек, піша Astra. Аднак прычыны здарэння не назвалі.
На кадрах, апублікаваных тэлеграм-каналам 112, зафіксаваны бортавы нумар самалёта – RA-340IG. Менавіта з такім нумарам быў самалёт, на якім у відэа з'яўляўся расійскі авіяблогер Павел Кошкін, піша hromadske.
Апошнія пасты Кошкін публікаваў у Instagram тыдзень таму. Цяпер карыстальнікі выказваюць спачуванні ў сувязі з яго гібеллю.