Магутныя і эфектныя: найбольш вядомыя аўтамабілі Чака Норыса
2- 22.03.2026, 13:36
- 2,930
Акцёр і майстар баявых мастацтваў меў нямалы гараж.
Чак Норыс выбіраў аўто, якія ідэальна адпавядалі яго вобразу моцнага і трывалага супермэна. «Фокус» распавёў пра найлепшыя аўтамабілі легендарнага акцёра.
Чак Норыс, які пайшоў з жыцця ва ўзросце 86 гадоў, меў нямалы гараж. Звычайна акцёр і майстар баявых мастацтваў выбіраў вялікія, трывалыя і магутныя аўтамабілі амерыканскай вытворчасці, прычым некаторыя машыны ствараліся па яго індывідуальнай замове.
Улюбёнае аўто Чака Норыса

Чак Норыс неяк прызнаўся, што яго ўлюбёнае аўто — спартовы Dodge Challenger 1970 года. Культавая мадэль была адной з самых хуткіх амерыканскіх машын свайго часу. Яе камплектавалі магутнымі V8, а топавым быў знакаміты 7,0-літровы Hemi на 425 к.с.
Пікап тэхаскага рэйнджара

У серыяле «Уокер, тэхаскі рэйнджар» герой Чака Норыса ездзіў на пікапе Dodge Ram 1500 1995 года. Акцёр нярэдка сам выконваў трукі за рулём, і аўто яму настолькі прыйшлося даспадобы, што ён вырашыў яго набыць. Дарэчы, пікап Чака Норыса не просты — абсталяваны велізарным 8,0-літровым V10 (як у Dodge Viper) магутнасцю 310 к.с.
Кастамнае аўто Чака Норыса

У 2012 годзе амерыканскія кастамайзеры Diesel Brothers выканалі цюнінг Chevrolet Silverado спецыяльна для Чака Норыса. За аснову ўзялі пікап з 6,6-літровым турбадызелем магутнасцю 400 к.с., а праект назвалі Truck Norris.
Пікап Chevrolet Silverado 2500HD атрымаў 40-цалевыя пазадарожныя шыны, узмоцненую падвеску для бездаражжа, сталёвыя бамперы і дадатковую аптыку. Яго пафарбавалі ў колеры амерыканскага сцяга і нават стварылі лагатыпы з выявай Чака Норыса. Аўто стала героем тэлешоў на канале Discovery.
Shelby Cobra

Чак Норыс валодаў рэплікай Shelby Cobra 427 — легендарнага амерыканскага спорткара 60-х з 7,0-літровым V8 магутнасцю 425 к.с. Арыгінальная Cobra вельмі дарагая і рэдкая, аднак шматлікія кампаніі выраблялі копіі знакамітай мадэлі.
Пазадарожнікі і пікапы

Чак Норыс часта набываў рамныя мадэлі. На сваім ранча ў Тэхасе ён доўгі час выкарыстоўваў пікап Ford F-150 1996 года — простае, надзейнае і вытрывалае аўто. Пазней акцёр набыў больш новыя Ford F-150 Raptor і Ranger, а таксама раскошны пазадарожнік Cadillac Escalade 2014 года.